Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Моцны палітык не павінен быць злы і помсьлівы...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 13 жніўня 2006 году

Тыдзень таму сьпіс палітычных вязьняў у Беларусі пабольшаў на яшчэ чатыры прозьвішчы. Мікола Астрэйка, Цімафей Дранчук, Эніра Браніцкая й Аляксандар Шалайка былі засуджаны на розныя тэрміны турэмнага зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі, якая ставіла на мэце назіраньне за выбарчай кампаніяй. Слухачы “Свабоды” ў сваіх лістах працягваюць абмяркоўваць гэту падзею. З аднаго з такіх допісаў – Вячаслава Бакулева з Воршы – і пачну сёньняшнюю размову.

“Не магу зразумець, навошта ўладзе спатрэбілася ўсё гэта? І адкуль такая жорсткасьць? Відавочна ж: гэта моладзь з “Партнэрства” нічым крымінальным не займалася. Парушылі нейкія чыноўніцкія інструкцыі, не атрымалі рэгістрацыі... А паспрабуй тую рэгістрацыю атрымай, калі цябе адфутбольваюць з усіх кабінэтаў. Нават паводле цяперашніх беларускіх законаў іхная віна нязначная. І за гэта – два гады турмы?

А Казулін? Пяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі за разьбітае шкло ў партрэце Лукашэнкі. Навошта гэта патрэбна ўладзе? Выбары ж даўно мінулі. Усё пад кантролем. У дзяржаве ўсталявалася славутая стабільнасьць. Навошта такая жорсткасьць? Дзе высакароднасьць і паблажлівасьць у адносінах да сваіх палітычных супраціўнікаў? Калі ты дужы, моцны і ўпэўнены ў сваіх сілах, дык мусіш дэманстраваць мяккасьць. Дужы не павінен быць злым і помсьлівым”.

Калі размова ідзе пра ўтрыманьне ўлады й барацьбу з палітычнымі супраціўнікамі, у Беларусі за апошняе дзесяцігодзьдзе праявы міласэрнасьці й паблажлівасьці з боку ўлады да сваіх апанэнтаў сталі выключна рэдкай зьявай. Гэта тым больш было заўважна на тле Расеі, дзе прэзыдэнт Ельцын дэманстраваў зусім іншы стыль узаемадачыненьняў са сваімі былымі апанэнтамі й нават ворагамі. Згадайце: удзельнікі ГКЧП былі амніставаны ўжо праз год пасьля спробы захопу ўлады. Арганізатары мецяжу ў кастрычніку 93-га выйшлі з турмы празь некалькі месяцаў. Прэзыдэнт Ельцын шырокім жэстам вярнуў ім нават пэрсанальныя пэнсіі, не замінаў зноў заняць высокія пасады. І гэта – тым, хто супрацьстаяў яму са зброяй у руках.

У Беларусі падобнае выглядае немагчымым і неверагодным. Напэўна, уладзе здаецца, што чым больш жорсткай і пасьлядоўнай у сваёй жорсткасьці яна будзе, тым надалей гарантуе сабе трываласьць і даўгавечнасьць. І сапраўды: рэжымы, якія трымаюцца на страху й жорсткім перасьледзе іншадумцаў, трываюць падоўгу. Затое потым рушацца ў адно імгненьне. І лёс лідэраў такіх рэжымаў часта складаецца незайздросна, як і іхных ахвяраў.

Новы ліст даслаў наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён, як заўсёды, апэратыўна паведамляе навіны мясцовага жыцьця й адначасна адгукаецца на падзеі глябальныя, міжнародныя.

“Як ні ўключу беларускае тэлебачаньне, – абавязкова натыкаюся на сюжэт пра Ўкраіну. Аказваецца, і тое там ня так, і гэта ня гэтак. І ўвогуле, прадказваюць ёй немінучы падзел, распад і заняпад. А вось у Беларусі – усё цудоўна, і толькі – дзякуючы мудраму кіраўніку. А я гляджу наўкол – нешта росквіту не відаць. Вось лес у нашым навакольлі як губілі, так і зьнішчаюць, колькі могуць. Здараецца, збыту няма – дык ён на складах гніе. Па тэлевізары – паказуха: нібы перапрацоўваюць нават адкіды. А насамрэч – спальваюць, як і раней. Некаторыя месцы нарыхтоўкі адмежаваны багнай, дык дарогу мосьцяць таксама драўнінай.

Нядаўна прынялі закон пра ўпарадкаваньне пустых дамоў. Людзі ўстрывожаны: можа здарыцца так, што яшчэ зусім моцныя хаты пойдуць пад пілу. “Чаму ж вы маўчалі пра гэта перад выбарамі?”—пытаюся ў людзей. Няма чаго сказаць.

Гляджу на такое жыцьцё й зьдзіўляюся. Учора гэтыя начальнікі былі камуністамі, зачынялі й палілі цэрквы. А сёньня яны – у першых шэрагах вернікаў, цалуюць крыж, прычашчаюцца. Ці можна ім верыць? Ці ня здарыцца так, што заўтра яны зноў будуць зьнішчаць храмы?”

Напэўна, спадар Сац, ня толькі Вы задаяцё такія пытаньні, назіраючы вакол сябе гэтыя супярэчнасьці й шукаючы тлумачэньня зьявам і падзеям, якія цяпер не прынята абмяркоўваць на сходах альбо з трыбуны афіцыйных мэдыяў. Відавочна, толькі тады, калі пра ўсё гэта можна будзе гаварыць адкрыта й публічна, калі людзі, не баючыся перасьледу, будуць адстойваць уласныя інтарэсы, калі будуць упэўнены ў справядлівасьці й незалежнасьці суду, – і настануць сапраўдныя зьмены ў іхным жыцьці. І меней стане гэтых відочных для ўсіх глупстваў, недарэчнасьцяў і авантураў.

Аўтар наступнага ліста – Валянцін Ярашэвіч зь Менску. Ён – адзін з тых нашых слухачоў, якія звычку слухаць заходнія радыёстанцыі перанялі ад сваіх бацькоў.

“Я добра памятаю пасьляваенны час, калі мой бацька купіў лямпавы прыймач зь сілкаваньнем ад батарэй дзеля таго, каб слухаць “Голас Амэрыкі”, Бі-Бі-Сі ды іншыя радыёстанцыі. Бацька ўголас абураўся, калі чуў хлусьню альбо паклёп.

...Сам я ўжо шмат гадоў, прачынаючыся а шостай раніцы, займаюся да сыходу на працу сваімі справамі й адначасна слухаю “Свабоду” з прыймача “Ленінград-2“. Жыву ў цэнтры Менску. Якасьць прыёму часам добрая, але пераважна – зь перашкодамі. “Радыёкропку” ў сваёй кватэры я гадоў пяць-шэсьць таму ўвогуле адключыў. У эфіры мяне цікавяць толькі факты. Радыё Свабода ў нейкай ступені імпануе мне тым, што дае інфармацыю, якой няма ў дзяржаўных мэдыях”.

Разважае Валянцін Ярашэвіч зь Менску і пра некаторыя грамадзкія праблемы, якія лічыць найбольш важнымі. Адна з такіх праблем – моўная. Яшчэ адна цытата зь ліста слухача:

“Цэлае пакаленьне беларусаў, прыяжджаючы жыць у Менск, стараліся гаварыць па-расейску й бянтэжыліся, калі ў гутарцы прарываліся беларускія словы (напрыклад, “хочам” замест “хотім”). У аўтобусе вадзіцель ці кандуктар зьвярталіся да пасажыраў: “Граждане, прахадзіце ўпярод (не “вперёд” і ня “наперад”). І тады, і – тым больш – цяпер правільна па-беларуску гаварылі й гавораць нямногія.

Радыё Свабода вястуе па-беларуску, выступае, каб беларуская мова стала дзяржаўнай. Але паслухаеш, як гавораць у вас тыя, каго вы запісваеце на стужку, – жах бярэ.

Я ня супраць, каб у дзяржаве была свая мова. Але зацяганыя словы “бацькаўшчына”, “спадчына”, “адраджэньне”, як і “БНФ”, выклікаюць адваротную рэакцыю. Цэлае пакаленьне размаўляе й піша па-расейску. І толькі нямногія з маладых шукаюць самасьцьвярджэньня, думаючы й размаўляючы па-беларуску. Калі гэты працэс прысьпешваць, дык немінуча насьпее раскол у грамадзтве. А гэта больш сур’ёзна, чым перайменаваньне вуліц і праспэктаў Менску паводле ўказу прэзыдэнта Лукашэнкі. Бальшыня нашых людзей не прымаюць і баяцца нацыяналізму. Таму палітык, які імкнецца да ўлады й размаўляе толькі па-беларуску, ня знойдзе падтрымкі ў нашага расейскамоўнага народу”.

Сапраўды, спадар Ярашэвіч, тая мова, якую мы чуем на вуліцы, у крамах, у транспарце, найчасьцей далёкая ад літаратурных беларускай і расейскай моў. Гэтая так званая “трасянка” часта гучыць і на нашых хвалях – у апытаньнях людзей на вуліцах, у запісах тэлефанаваньняў, у інтэрвію і гутарках. Яна адлюстроўвае наш час, паказвае мысьленьне значнага й даволі істотнага пласту грамадзкага жыцыця – і таму наўрад ці варта “прычэсваць” яе, рэдагаваць, змушаць людзей гаварыць у адпаведнасьці з моўнымі стандартамі. Яшчэ адна заўвага: наконт вашага сьцьвярджэньня, што пашырэньне беларускай мовы, нібыта, выкліча раскол у грамадзтве. А пасьлядоўная шматгадовая, татальная русыфікацыя ўсяго грамадзкага жыцьця такога расколу не выклікае? Агрэсіўнага непрыняцьця, катэгарычна адмоўнага стаўленьня да беларускай мовы ў большасьці беларускага грамадзтва няма – пра гэта сьведчаць і сацыялягічныя апытаньні, і вынікі апошніх перапісаў. Людзі прыхільна ставяцца да ідэі дзьвюхмоўя, моўнага раўнапраўя, якое замацавана і ў беларускіх законах, і ў Канстытуцыі. Іншая справа, што дзяржава ў сваёй палітыцы не жадае (ці ня ўмее) рэальна забясьпечваць гэта раўнапраўе, пасьлядоўна вынішчаючы й выціскаючы ўсё беларускае.

На заканчэньне – фрагмэнт зь ліста ад Віктара Кеды зь вёскі Навасёлкі Ашмянскага раёну.

“Даўно цікаўлюся дзейнасьцю арганізацыі “Міжнародная амністыя”. Нядаўна зьявілася патрэба зьвярнуцца туды, але ня ведаю ніякіх каардынат. Ці не магла б дапамагчы “Свабода”?”

«Міжнародная Амністыя – буйная міжнародная незалежная праваабарончая арганізацыя, якая аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах больш за 1мільён васемсот тысяч актывістаў і прыхільнікаў у 140 краінах сьвету. Часта зьвесткі пра ейную дзейнасьць гучаць і на “Свабодзе”. Адрасы ды іншыя каардынаты Міжнароднага сакратарыяту гэтай арганізацыі, які месьціцца ў Лёндане, мы паведамім Вам, спадар Кеда, у лісьце. Тыя нашы слухачы, якіх таксама цікавіць гэта тэма й якія маюць доступ да інтэрнэту, лёгка могуць знайсьці ўсю патрэбную інфармацыю на сайце памянёнай арганізацыі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG