Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўшануюць памяць Якуба Коласа


Радыё Свабода 13 жніўня споўнілася 50 гадоў, як ня стала Якуба Коласа. Сёньня а пятнаццатай гадзіне на менскіх Вайсковых могілках адбудзеца ўрачыстая цырымонія, на якой ушануюць ягоную памяць. Пра акалічнасьці раптоўнае сьмерці Якуба Коласа ў інтэрвію нашай карэспандэнтцы Валянціне Аксак расказаў малодшы сын песьняра Міхась Міцкевіч.

Спадар Міхась апошні раз бачыў бацьку 30 ліпеня 1956 году. Разьвітаўшыся, ён назаўтра паехаў на спартакіяду ў Маскву, адкуль мусіў вярнуцца 13 жніўня. У гэты дзень якраз спаўнялася пяць гадоў ягонай дачушцы Марыі. Таму вяртаўся ў Менск у добрым гуморы, якому спрыяў і пасьпяховы выступ на той спартакіядзе. Сам сабе яшчэ падумаў, што, відаць, да нечага нярадаснага ягоная весялосьць у цягніку. На менскім пэроне стала ясна, што прадчуваньне не падманула.

(Міцкевіч: ) “Калі я толькі выйшаў на пэрон, мяне сустрэла жонка з нашым сябрам Сяргеем Касьцюковічам, ну і чамусьці стаяла медсястра. Мяне гэта зьдзівіла трохі. Я падышоў і жонка сказала: “Бацькі ўжо няма”.

Дома сталі вядомыя абставіны раптоўнае бацькавае сьмерці.

(Міцкевіч: ) “Ён у гэты дзень яшчэ езьдзіў у Цэнтральны Камітэт Кампартыі Беларусі, як сказаў мой старэйшы брат Данік. Ён адвозіў пісьмо, якое ён доўга выношваў, доўга рыхтаваў. Гэтае пісьмо прысьвечанае беларускай мове, яе значэньню, пашырэньню карыстаньня, там многа прыкладаў было. Ну, канечне, была аддадзеная і даніна сучаснасьці, што тут посьпехі і так далей, але тым ня менш, мова занядбаная і прыходзіць у непарадак. Трэба прымаць меры. Ну і мы спадзяваліся, што сапраўды будзе нейкая рэакцыя станоўчая, аднак гэтыя нашы спадзяваньні былі марнымі”.

Ёсьць вэрсія, што ў гэты дзень Якуб Колас папрасіў свайго шафёра завесьці яго ў лес, у Курапацкае ўрочышча, дзе ён доўга і скрушна пра штосьці маўчаў. Сын, аднак, яе не пацьвярджае.

(Міцкевіч: ) “Нам гэтае месца невядомае было і туды ён ня езьдзіў”. 13 жніўня ўнучцы Марыі спаўнялася пяць гадоў і Якуб Колас пасьля паездкі ў ЦК сьпяшаўся да сямейнага сьвяточнага стала, не забыўшыся, кажа спадар Міхась, пра падарунак.

(Міцкевіч: ) “Прыехаў з ЦК і прывёз унучачцы сваёй каробачку цукерак, павіншаваў яе з днём нараджэньня. Ну і пасьля днём, калі абедаў, раптам аорта лопнула… Раптоўная сьмерць…”

Памінальныя ўрачыстасьці з нагоды 50-годзьдзя сьмерці Якуба Коласа адбудуцца сёньня ля магілы народнага песьняра на Вайсковых могілках Менску. Пачатак а 15 гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG