Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Зэльве ўшанавалі памяць Ларысы Геніюш


Сяргей Астраўцоў, Зэльва Група людзей прыйшла да помніку паэтцы, які ўсталяваны на падворку Зэльвенскай царквы. Хлопцы ўзьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама там зьявіўся брат Мікалай з Жыровіцкага манастыра.

Зьнянацку з царквы выйшлі сьвятар з памочнікам і сталі абурацца, чаму брат Мікалай зьявіўся не на сваёй тэрыторыі без дазволу мясцовага бацюшкі. Непаразуменьне было палагоджана, пагатоў што паехаць у Зэльву, каб ушанаваць памяць Ларысы Геніюш, брата Мікалая блаславіў архімандрыт.

Пасьля гэтага ўсе накіраваліся на могілкі, дзе пахавана сужэнства Ларыса і Янка Геніюшы. На магіле брат Мікалай прачытаў малітву. Неўзабаве зьявілася гарадзенская моладзь. У Зэльву хлопцы й дзяўчаты прыехалі рэйсавым аўтобусам, ад царквы да могілак яны прыйшлі пешшу. У іх былі 2 бел-чырвона-белыя сьцягі, і адразу прыехалі міліцыянты і загадалі іх згарнуць.

У гэты час у Зэльве для ўшанаваньня памяці Ларысы Геніюш людзі зьбіраюцца кожны год. Адным з арганізатараў зьяўляецца намесьнік старшыні фонду Лява Сапегі Ўладзімер Сільмановіч з Горадні.

(Сільмановіч: ) "Імя Ларысы Геніюш – гэта ня толькі сымбаль беларускага патрыятызму, гэта яшчэ і жыватворны чыньнік сёньняшняга нацыянальнага адраджэньня. Традыцыя ўшанаваньня памяці Ларысы Геніюш была закладзена яшчэ 12 год таму. Адным з пачынальнікаў быў Зьміцер Кісель, які, на жаль, летась памёр, сёньня была ўшанавана і ягоная памяць і памяць такіх людзей, як вязень савецкіх канцлягераў Іван Дудка, які добра ведаў Ларысу Геніюш, ён памёр сёлета. Тым ня менш, штогод у Зэльву зьбіраюцца людзі з розных мясцовасьцяў Беларусі, можна сказаць, што гэта агульнанацыянальны дзень ушанаваньня памяці вялікай беларускай паэткі".

Усяго ля магілы Ларысы Геніюш сёньня сабралася каля 30 чалавек. Увесь гэты час у Зэльве ішоў вельмі моцны дождж.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG