Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Economist” пра Беларусь: “Нават на Кубе такіх рэчаў ня робяць”


Аляксей Дзікавіцкі, Прага “Яшчэ некалькі паваротаў ключом ў зацісканьні гаек” – такі загаловак мае артыкул у апошнім нумары часопіса “Economist”, у якім гаворка ідзе пра вырак у справе сяброў “Партнэрства”, перасьлед грамадзянскай супольнасьці і апошнія замежныя кантакты афіцыйнага Менску.

“Паранаідальны лідэр накінуўся з усіх бакоў на сваіх уяўных праціўнікаў” – гэта падзагаловак артыкулу, у якім аўтар піша пра тое, што шмат якія рэчы, якія лічацца нармальнымі ў дэмакратычных краінах сьвету, у Беларусі рабіць забаронена.

“За гэта, а нават за думкі пра тое, каб гэта зрабіць можна сесьці ў турму. Так, як сябры “Партнэрства”, якія атрымалі ад 6 месяцаў да двух гадоў зьняволеньня толькі за тое, што хацелі назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі ў сакавіку”, – піша “Economist”.

У артыкуле гаворыцца, што ў большасьці іншых краінаў, лідэр ў стане Аляксандра Лукашэнкі, які афіцыйна перамог зь вельмі вялікай колькасьцю галасоў, адчуваў бы сябе жыцьцярадасным.

“Але ён сьвяткаваў перамогу ў выбарах, накіроўваючы ў турмы сваіх палітычных апанэнтаў і іхных прыхільнікаў. Калі дзеля таго каб арыштаваць апазыцыянэра не было ўвогуле ніякіх падставаў, казалі, што ён лаяўся на міліцыянтаў... Магчыма, Лукашэнка раздражнёны тым, што ў сваёй здушанай краіне ён насамрэч ня ведае, колькі людзей яго падтрымліваюць? Можа, ён ня хоча дазволіць апазыцыі назапасіць сілаў ці паказаць, што “ня зьменіць сваіх мэтадаў” і пратэсты ня маюць сэнсу? Страх, зьмяшаны з помстай, здаецца, тлумачыць вырак у справе Аляксандра Казуліна, які атрымаў 5,5 гадоў турэмнага зьняволеньня”, – адзначае часопіс.

“Economist” піша таксама пра дыпляматычны скандал з Латвіяй, які, паводле часопісу, ўпісваецца ў стратэгію пошуку зьнешніх ворагаў...

“Нават на Кубе такіх рэчаў ня робяць”, – цытуе часопіс словы аднаго з замежных дыпляматаў, які працуе ў Менску.

“Ізаляванаму Эўразьвязам і Злучанымі штатамі, Лукашэнку застаецца сьвяткаваць свае перамогі з Уга Чавэсам і сваімі сябрамі з Расеі. Але яны таксама могуць зьмяніцца – “Газпрам” даўно ўжо хоча выкупіць беларускія газаправоды, пагражаючы ў адваротным выпадку падвышэньнем цаны на газ. Расейцы, магчыма, лічаць, што іхны ізаляваны і паранаідальны хаўрусьнік Лукашэнка цяпер можа саступіць”, – гаворыцца ў артыкуле, надрукаваным ў апошнім нумары часопіса “Economist”.
XS
SM
MD
LG