Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрсанальны кампутар адзначае 25-гадовы юбілей


Ігар Карней, Менск 12 жніўня 1981 году карпарацыя “International Business Machines” (IBM) прэзэнтавала першую мадэль пэрсанальнага кампутара IBM 5150. Гэтым самым быў пакладзены пачатак эпохі сучасных кампутараў.

Да зьяўленьня пэрсанальных кампутараў вылічальныя машыны каштавалі некалькі мільёнаў даляраў, займалі цэлы пакой і для свайго кіраваньня патрабавалі 60 чалавек абслугі. Зрэшты, і праз чвэрць стагодзьдзя некаторыя краіны могуць пахваліцца надзвычайнымі памерамі сваіх кампутараў. Як кажа вучоны сакратар Інстытуту аб’яднаных праблемаў інфарматыкі Нацыянальнай Акадэміі навук Альберт Пятроўскі, беларуска-расейская распрацоўка “СКІФ-1000” уваходзіць у склад 500 найбольш магутных кампутараў сьвету. Праўда, запатрабаванасьць беларускага супэркампутару надзвычай сьціплая.

(Пятроўскі: ) “Ёсьць магчымасьць хутка, дастаткова танна і якасна зрабіць прамысловы прадукт. Але сёньня камусьці дапамаглі вырашыць задачу, а на тое, каб увесьці гэта ў абарот пастаянны, прадпрыемства не жадае. Гэта ж пэўная філязофія, як гаворыцца”.

Першы ўсясьветны пэрсанальны кампутар каштаваў 1560 даляраў, быў просты ў карыстаньні і займаў параўнальна няшмат месца. IBM 5150 быў укамплектаваны працэсарам Intel 8080 і апэратыўнай памяцьцю 16 кілябайт. У пэрсанальным кампутары таго ўзору не было вінчэстэра, а дыскавод неабходна было набываць за асобную плату.

Цяпер вытворчасьцю пэрсанальных кампутараў займаюцца па ўсім сьвеце. У Беларусі зборкай кампутараў займаюцца як прыватныя прадпрыемствы (найбольш раскручаная гандлёвая марка NTT), так і дзяржаўныя – менскія “Інтэграл”, вытворчае аб’яднаньне вылічальнай тэхнікі імя Арджанікідзэ і г.д. Апроч таго, цэлы шэраг кампаній займаецца распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня. Пра эксклюзыйныя распрацоўкі расказвае дырэктар па маркетынгу кампаніі “Белсофт” Леанід Вялічка:

(Вялічка: ) “У нас ёсьць арыгінальныя распрацоўкі. Вось, прыкладам, распрацоўкі, зробленыя нашай кампаніяй. Перадусім, гэта сістэма камунальных плацяжоў, якая працуе ўжо шмат гадоў у краіне. Яна тут ўкаранёная нашмат раней, чым нават у Маскве. І яна запатрабаваная ня толькі ў Беларусі: да нас прыязджалі з Томску, зь іншых рэгіёнаў Расеі з мэтай набыць такую распрацоўку, паколькі ў іх такіх працаў няма. Таму што гэта новыя тэхналёгіі, арыгінальныя распрацоўкі.

У нас маецца распрацоўка мэдычнай сістэмы. Да нас прыязджалі людзі з расейскіх тэхнапаркаў, з валагодзкага рэгіёну. Яны хочуць гэтую сістэму, яна запатрабаваная за межамі Рэспублікі Беларусь”.

Да юбілею зьяўленьня першага пэрсанальнага кампутара IBM 5150 адна з машынаў, якая знаходзіцца ў працоўным стане, выстаўленая на інтэрнэт-аўкцыён. Пачатковы кошт лоту складае ўсяго 9,99 даляру, і таргі працягнуцца да 13 жніўня 2006 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG