Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Віталь Броўка


Віталь Броўка, Віцебск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя нататкі зь мінулага тыдня падае Віталь Броўка, 25-гадовы актывіст грамадзкага моладзевага руху зь Віцебску.

Панядзелак, 7 ліпеня

Раніца. Разам з Сяргеем Сахаравым спазьняемся на аўтобус да Вільні. Над Менскам нізкія цяжкія хмары, і залева прымушае рухацца й так марудны ў ранішніх корках транспарт яшчэ павольней. На шчасьце, кіроўца нашага “Неапляну” зьвяртае ўвагу на мае скокі ля сьветлафора, заўважае ў маіх рукох белы шматок квітка і спыняецца. Аўтобус бітком забіты, а менавіта над маім месцам у салёне дзірка – праз яе ўвесь час падаюць кроплі вады, пагражаючы трапіць у мой ноўтбук.

Прыгадваецца вечны сьцёб Сяржука Балая – рэдактара днямі закрытай наваполацкай газэты “Хімік”: “Кропля нікатыну забівае каня, а кропля кавы – клявіятуру” :). Так, кавы зараз было б ня лішне…

Стоячы на мяжы, размаўляю з латыскімі кіроўцамі. Яны дружна й актыўна апраўдваюць паводзіны беларускіх уладаў і БТ-эшнікаў у дачыненьні да латыскага дыплямата: “Правільна зрабілі, што паказалі! А навошта МЗС Латвіі яго [сакратара амбасады] пасылалі ў Беларусь, хоць і ведалі, што ён гей, а ў Беларусі гэтага ня любяць? Хай бы адпраўлялі ў Ісьляндыю ці Ангельшчыну, а Лукашэнка сваю нацыю разбэшчваць ня дасьць!” На такую безапэляцыйнасьць і запярэчыць нешта цяжка. Пачаў казаць, што гамафобія – рэч нездаровая ў сучасным грамадзтве. З гэтым дзядзькі пагадзіліся, але дуэтам заявілі, што дыплямат мусіць паводзіцца стрымана...

Мяне дык мала ўсьцешыла як сама парнаграфія па БТ ў яшчэ цалкам дзіцячы час, так і ўмяшальніцтва спэцслужбаў у нечае асабістае жыцьцё.

Аўторак, 8 ліпеня

З самай раніцы зайшоў у кнігарню пашукаць вершы Анатоля Сыса. Не знайшоў, але набыў эсэі Янкі Брыля. Амаль па выхадзе з крамы сустрэў сяброўку, якую даўна ня бачыў і падарыў кнігу ёй. Пасьля ўжо падумаў, што атрымалася неяк кан’юнктурна: пакуль быў жывы, быў клясык і клясык, толькі памёр – пачалі чытаць і цаніць...

Серада, 9 ліпеня

Сустрэўся з былым дырэктарам абласной філярмоніі. Доўга размаўлялі пра магчымасьці арганізаваць падтрымку маладых творцаў. Зараз у Віцебску й вобласьці шмат маладых фатографаў, музыкаў, мастакоў, якім няма дзе выступаць, выстаўляцца, сустракацца з гледачамі. Распрацоўваем плян канцэртаў і выставаў на восень, каб як мага больш прыцягнуць моладзі ў творчае жыцьцё й даць самарэалізавацца. Разумеем, што жыцьцё не стаіць на месцы і імкненьне людзей да культуры пераадольвае грамадзкую закасьцянеласьць і дзяржаўны супраціў усяму новаму.

Яшчэ паўгоду таму мы зь сябрамі дужа скардзіліся на фактычную адсутнасьць культурніцкага жыцьця ў “культурнай сталіцы Беларусі”. І неяк нечакана ў горадзе высілкамі саміх музыкаў пазьяўляліся ці ня пяць рэпетыцыйных кропак для рокераў, павырасталі прыстойныя кафэшкі і нават зьявілася “Мэлёдыя” – кавярня з добрай жывой музычкай па вечарох.

Размаўляю з маладымі людзьмі, якія паедуць на Ўкраіну ў летнік па грамадзкім актывізме. Юнакоў чакаюць файныя дні на беразе Паўднёвага Бугу, пад’ём на скалы і сплавы на катамаранах праз парогі ў кампаніі ўкраінскіх аднагодкаў. Па-добраму зайздрошчу ім, шкадую, што не магу паехаць разам, і радуюся, бо да канца лета ў Віцебск вернецца шмат добра падрыхтаваных для працы ў грамадзкім сэктары людзей.

Чацьвер, 10 ліпеня

З самае раніцы тэлефануе маці аднаго зь непаўнагадовых хлопцаў, турбуецца, куды гэта сабраўся ейны сын зь сябрамі. Цётачка размаўляе досыць напружана, але паступова спакайнее, у ейным голасе чуваць давер і разуменьне. Я спадзяюся, што пераканаў яе ў карыснасьці й бясьпечнасьці паездкі на Ўкраіну. Пазьней сябар паведамляе, што хлопца, чыя мама тэлефанавала, бацькі не адпусьцілі ехаць. Тая ж гіторыя зь ягоным сябрам.

Гуляю па віцебскіх вуліцах: за лета зьявілася колькі цікавых, раней ня бачаных, графіці й насьценных малюнкаў. “Наскальны жывапіс” заўсёды вабіў маю ўвагу. Калісьці ў Наваполацку яшчэ Цэнтрам моладзевых ініцыятыў “Сварог” мы змаглі правесьці вялікі Фэст хіп-хоп культуры і размалявалі альтэрнатыўным графіці вялізную сьценку на ўездзе ў горад. Грэе душу ўзгадка, што праз год мясцовы БРСМ спрабаваў зрабіць тое ж і нават ня змог сабраць творцаў-графітчыкаў. А нашы малюнкі дасюль радуюць месьцічаў і гасьцей Наваполацку.

Пятніца, 11 ліпеня

Сябар прыносіць новы альбом “Б.Н.” “Жыве Рок-н-Рол!”. Досыць прыемна слухаецца. Мне падаецца, што хлопцы граюць гэтак жа зацята й імпэтна як і раней, але больш чыста, зладжана. Гэта ўжо дарослая, сьпелая творчасьць.

Сяброўка ад’яжджае ў Пецярбург на выходныя, а ў мяне ўражаньне, быццам яна ня вернецца. Рэзка адчуваю, колькі блізкіх сяброў зьехала за мяжу за апошні год-два. А колькі зьедзе? І колькі зь іх вернецца? Адганяю дурныя думкі – усе вернуцца!

Вось і ўчора атрымаў два лісты зь Нью-Ёрку й Вашынгтону. Андрусь Храпавіцкі дзеліцца плянамі, якія пачне рэалізоўваць у Беларусі, хоць яму яшчэ год вучыцца ў ЗША, а знаёмая Аня, што працуе на Ўсходнім узьбярэжжы, хоча нават замяніць квіток да Менску на месяц раней – няма моцы чакаць вяртаньня.

Некалі ўсе мы без праблемаў зможам бачыцца, будзем побач і на Радзіме.

Бягу на сустрэчу зь мясцовымі эколягамі – трэ’ дапамагчы ім у арганізацыі кампаніі па прыцягненьні ўвагі моладзі да праблем Заходняй Дзьвіны.

Колькі ёсьць яшчэ праблем вакол, але людзей, што імкнуцца іх вырашыць, яшчэ болей. І хай сабе пакуль дзяржава не дазваляе распраўляцца з праблемамі адкрыта й эфэктыўна, але хутка, я ўпэўнены, сытуацыя зьменіцца, і наша зямля стане ўтульнай і мілай, як і мусіць быць. А сябры з далёкіх краёў будуць з радасьцю й спакоем у сэрцы наведваць нас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG