Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыднёвы агляд міжнародных рэакцыяў на беларускія падзеі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Зьняволеньне актывістаў грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства” выклікала рэзкую рэакцыю заходніх палітыкаў, праваабаронцаў, прэсы. Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Мікалая Астрэйку, Цімафея Дранчука, Эніру Браніцкую й Аляксандра Шалайку вязьнямі сумленьня й запатрабавала іхнага вызваленьня – гаворыцца ў заяве на афіцыйным інтэрнэт-сайце арганізацыі.

Міністар замежных справаў Эстоніі Ўрмас Паэт заявіў пра неабходнасьць вызваленьня асуджаных у Беларусі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства» і адзначыў магчымасьць пашырэньня сьпісу беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Паводле эстонскага міністра, «існуе сур''ёзная занепакоенасьць, што ў сучаснай Эўропе адбываюцца палітычныя рэпрэсіі, якія калі не паводле маштабу, то паводле духу нагадваюць сталінскія часы».

Уплывовая нямецкая газэта «Frankfurter Allgemeine» назвала працэс над актывістамі “Партнэрства” “першым папярэджаньнем” апазыцыі: “Для актыўных прыхільнікаў апазыцыі гэты працэс стаў першым папярэджаньнем: супраць кіраўніцтва арганізацыі “Партнэрства” ўпершыню былі выкарыстаныя новыя артыкулы Крымінальнага кодэксу, дададзеныя да яго летась. Паводле гэтых новых артыкулаў абвінавачаньне можа знаходзіць склад злачынства там, дзе яго ніколі не знойдуць у дэмакратычных краінах”.

***

Працягваецца дыпляматычны скандал паміж Латвіяй і Беларусьсю, які пачаўся 27 ліпеня ў Менску, дзе латыскага дыплямата Рэйма Шмітса абвінавацілі ў распаўсюджваньні парнаграфіі. Кіраўніца прэсавай службы латыскага зьнешнепалітычнага ведамства Дыяна Эглітэ ў размове зь нямецкай агенцыяй "Deutsche Presse-Agentur" назвала не адпаведнай рэчаіснасьці заяву беларускага Міністэрства замежных справаў, што “беларускія міліцыянты не зрабілі нічога супрацьпраўнага і не парушылі ніякага міжнароднага права ў дачыненьні да латыскага дыплямата”. Прыкладам, цьверджаньне, што Шмітс дакумэнтальна не зафіксаваў прававы статус кватэры як рэзыдэнцыі дыплямата. “Дамова на арэнду кватэры была складзеная ў адпаведнасьці з усімі мясцовымі адміністрацыйнымі патрабаваньнямі”, – заявіла Дыяна Эглітэ. А міністар замежных справаў Латвіі Артыс Пабрыкс заявіў, што не зьбіраецца сустракацца з новым амбасадарам Беларусі ў Рызе Аляксандрам Герасіменкам і пасьля атрыманьня ноты Менску. “Да сустрэчы з Герасіменкам МЗС хоча атрымаць вычарпальныя тлумачэньні беларускага боку”, – заявіў латыскі міністар. Дзеяньні Менску ў дачыненьні да латыскага дыплямата раней скрытыкавалі шэраг краінаў Эўразьвязу.

***

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш прадставіў “нацыянальную стратэгію” краіны ў справе пошуку і канфіскацыі ва ўсім сьвеце фінансавых актываў высокапастаўленых асобаў, якія падазраюцца ў карупцыі. Камэнтуючы зьмест стратэгіі, намесьніца дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях эканомікі Жазэт Шайнэр заявіла, што прыкладам захадаў амэрыканскай адміністрацыі ў гэтым накірунку могуць быць санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі. “Мы хочам папярэдзіць карупцыянэраў – калі вы крадзеце сродкі, якія паводле закону належаць грамадзянам вашай краіны, дык мы будзем гатовыя дзейнічаць і зрабіць такія ж крокі, якія мы зрабілі ў дачыненьні да Беларусі”, – заявіла спадарыня Шайнэр.

Таксама ў Злучаных Штатах пачынае дзейнасьць Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў. Статутныя дакумэнты аб утварэньні такога Цэнтру былі падпісаныя 11 ліпеня 2006 году віцэ-прэзыдэнтам Саўтвэстэрн-коледжу Эндры Шэпардам і былым амбасадарам ЗША у Менску Дэвідам Суорцам. Афіцыйная цырымонія адкрыцьця Цэнтру заплянаваная на лістапад бягучага году. Як паведаміў радыё Свабода спадар Суорц, асноўнай задачай Цэнтру будзе адраджэньне беларускай нацыі праз вышэйшую адукацыю.

Тым часам у Галяндыі абвясьцілі пра адкрыцьцё 1 верасьня праграмы падтрымкі беларускіх студэнтаў. Праграма разьлічана на студэнтаў, якім "немагчыма або вельмі цяжка вучыцца ў сваёй краіне з прычыны цяперашняй палітычнай сытуацыі". Праграма забясьпечвае фінансавую падтрымку беларускіх студэнтаў дзеля атрыманьня імі ступені бакаляўра або магістра і, як заявіў адзін з кіраўнікоў праграмы Даніэл фон Акен, яна прызначаная для "спэцыяльнай мэтавай групы – тых студэнтаў, якія з-за палітычнай сытуацыі ў Беларусі ня маюць магчымасьці атрымаць адукацыю ва ўласнай краіне".
XS
SM
MD
LG