Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Летні альбом": боты-панчохі


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Дзесьці на самым пачатку сямідзясятых да плашч-палаткі, торбы-рэсьпіратара, выбух-пакета ды іншых складаных словаў мілітарнай тэматыкі далучыліся дарэшты пацыфісцкія боты-панчохі. Гэта быў арыгінальны на той час абутак – з чорнымі цыратавымі халявамі і высокай плятформай. Ён адразу ж стаў дамінантным элемэнтам жаночага шчасьця.

У вольным продажы ботаў, вядома ж, не было. Згадваецца пачутая некалі гісторыя пра тое, як адна кабета паехала ў Вільню набываць боты-панчохі. Пакруціўшыся на цэнтральным кірмашы, выйшла на патрэбных людзей, і ёй прапанавалі зайсьці ў пад’езд аднаго з дамоў на вуліцы Геркуса Мантаса – поруч з кірмашом. Зайшла ў пад’езд і атрымала для прымеркі запаветныя боты. Насунула адзін зь іх, і тут нехта крыкнуў: “Міліцыя!” Зь перапуду забегла на верхні паверх, а калі на доле ўсё сьціхла, стала спускацца па прыступках і толькі тады заўважыла, што на адной назе ў яе бот-панчоха, а на другой лямцавы апорак. Нікога ля пад’езду не знайшла, не знайшла таксама грошай у кішэнях і мусіла вяртацца дахаты ў розным абутку.

Боты-панчохі выклікалі пякучую зайздрасьць тых, у каго іх не было. Памятаю рэпліку адной жанчыны. Убачыўшы некага ў натоўпе, яна тузанула за рукаво сяброўку. “Глянь на яе... такая вярзіла, а сапагі-чулкі насунула!” Тоўстыя кабеты насілі халявы гармонікам, як афіцэры паваеннай пары. Да канца нацягнуць іх было немагчыма.

Боты-панчохі напачатку былі папросту на тоўстай падэшве, а потым займелі таўшчэзную плятформу. Грэцкім трагікам такія катурны і ня сьніліся. Плятформа рабілася ўсё больш манумэнтальнай, у выніку пачасьціліся траўмы: вывіхі ды расьцяжэньні сухажыльля ў раёне шчыкалаткі.

На новых ботах халявы бліскалі лякам. Але хутка трацілі бляск, а на марозе наагул трэскаліся. Самым кволым месцам ботаў-панчохаў былі мыскі. Там яны часьцяком дзерліся, ды так, што вялікі палец вылазіў вонкі. Ну і, нарэшце, у халадэчу боты зусім ня грэлі, а цёплай парою альбо дзе-небудзь у рэстаране ногі ў іх прэлі і надта сьмярдзелі.

У крамах цыратавыя боты-панчохі зьявіліся ў 1973 годзе. Каштавалі яны 70 рублёў. Іх бралі ў асноўным вясковыя дзеўкі, бо гарадзкія да таго часу ўжо шукалі абутак з натуральнай скуры і з іроніяй пазіралі на вясковых раўналетак, абутых у боты-панчохі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG