Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Уладзімер Жылка (27.5.1900 — 1.3.1933)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Вяртаючыся ў сярэдзіне 1930-х зь вяцкай высылкі, навуковец Яўхім Кіпель вёз надзейна схаваны паміж падвойнымі чамаданавымі склейкамі рукапіс паэмы Ўладзімера Жылкі “Тастамэнт”. Шмат якія строфы Яўхім Кіпель ведаў на памяць:

Бывай, надзей сардэчны ўздым! Бывайце, сны і слодыч вёснаў! І вы, сьнягі, завеі зім! На зломе дзьвюх эпох злавесным. У неспрыяльным ветры злым Сваё жыцьцё прайшоў я чэсна: Пясьняр, змагар, бядняк празь век — Быў перш за ўсё я чалавек!..

На васямнаццатым годзе жыцьця Жылка ўдзельнічаў у Першым Усебеларускім зьезьдзе, стаўшы адным з самых маладых яго дэлегатаў. Незалежніцкія ідэі натхнялі яго музу, якая вывела паэта на першую сустрэчу з чытачом у гістарычным 1918-м.

Потым у ягоным жыцьці была Прага, заняткі ў гасьцінным для беларусаў яшчэ ад сярэднявечча Карлавым унівэрсытэце, рэдагаваньне эміграцыйных часопісаў “Перавясла” і “Прамень”. Тым часам у Вільні, “любай Вільні”, якую Жылка, прысьвяціўшы ёй пранікнёныя вершы, назваў “крывіцкаю Мэкай”, выходзілі яго паэтычныя кнігі, якія былі яскравым беларускім працягам традыцыяў эўрапейскага рамантызму. Дасланыя віленскімі сябрамі аўтарскія асобнікі рабіліся Ўладзімеру найлепшымі лекамі ў санаторыях для сухотнікаў, дзе паэт мусіў бавіць усё больш часу.

У 1926-м Жылка адгукнуўся на запрашэньне аргкамітэту канфэрэнцыі па беларускім правапісе і, хоць цалкам цьвяроза ацэньваў бальшавікоў зь іхняй палітыкаю, вырашыў застацца на Бацькаўшчыне.

Паэт зь неймаверна высокім майстэрствам радка, які абсалютна вольна пачуваўся ўва ўсіх клясычных формах — ад пэнтамэтру да вэрлібру, інтэлектуал, перакладчык Адама Міцкевіча й Шарля Бадлера, ён мусіў зарабляць на хлеб палітычна-траскучымі вершыкамі-аднадзёнкамі. Але й гэта не магло ўратаваць ад малоха рэпрэсіяў. Арышт у 1930-м і высылка ў паўночны расейскі Ўржум зрабілі запаветную думку, выказаную ў апошніх радках “Тастамэнту”, толькі нязбытнай мараю:

Бывай, мой ранак срэбраросы! Бывай, мой дзень клапот, пакут! Прайшоўшы сьвет разьдзетым, босым, Пара падумаць і пра кут: На могілках зацішных Росы Хачу спачыць ад каламут. Сачыцьмуць мой спакой найпільней Муры старой, каханай Вільні.

Ці ўдасца нашчадкам калі-небудзь выканаць гэты запавет?..
XS
SM
MD
LG