Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўмешваецца ўлада ў прыватнае жыцьцё грамадзянаў?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Наш карэспандэнт апытваў гарадзенскіх настаўнікаў.

(Спадар: ) “Без усякіх прычынаў цябе могуць папросту звольніць – гэта запісана ў кантракце. Настаўнік абавязаны праводзіць палітзаняткі. Але чаму на мяне накідаюць сваю палітыку? Я лічу, што гэта ўмяшаньне ў асабістае жыцьцё чалавека. Бо адбываецца навязваньне палітычных поглядаў. Раз ты ня хочаш так думаць, як хоча дзяржава, значыцца, ты кепскі. І таму могуць нават сказаць дырэктару школы: гэты, маўляў, чалавек нам не падыходзіць. І зь ім не падпішуць кантракту. Усё гэта робіцца негалосна, але гэта робіцца. Людзі, напрыклад, баяцца хадзіць на мітынгі. Таму што ведаюць: рана ці позна гэта стане вядома. Страх вярнуўся, таму што вяртаюцца былыя савецкія часы”.

(Маладая спадарыня: ) “Маладым настаўнікам цяпер вельмі цяжка застацца незалежнымі – у тым сэнсе, што іх прымушаюць запісвацца ў БРСМ. Яны баяцца адмовіцца, нават калі гэта не адпавядае іхным палітычным перакананьням, бо ж баяцца, што зь імі не падоўжаць кантракту”.

(Малады спадар: ) “Настаўнік сёньня – адзін з самых залежных людзей ад дзяржавы, бо прыватных школ у нас няма. Настаўнікі нават баяцца выпісваць газэты – такія, як “Народная воля” ці “Наша ніва”. Затое іх прымушаюць выпісваць дзяржаўныя выданьні – пачынаючы ад “Настаўніцкай газеты” і да “Рэспублікі” ці “Звязды”. А кантракту, дарэчы, могуць не падоўжыць нават за пэўныя размовы з вучнямі. Канкурэнцыя даволі значная сярод настаўнікаў: недахопу ў іх цяпер няма – у зьвязку са скарачэньнем колькасьці вучняў. Таму страціць працу можна вельмі лёгка”.

(Спадарыня: ) “Усялякі настаўнік, нават калі ён з унутраных перакананьняў хацеў бы ўдзельнічаць у дэмакратычным руху, ня можа сабе дазволіць быць сябрам, напрыклад, партыі БНФ ці “Грамады”. Бо баіцца, што трапіць у чорны сьпіс, і тады яго могуць звольніць з працы”.
XS
SM
MD
LG