Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіў сябру АГП С.Альферу ў вяртаньні адабраных грошай


Любоў Лунёва, Менск 25 сакавіка ў Нацыянальным аэрапорце “Менск-2” Сяргея Альфера, Яраслава Раманчука й Вольгу Карач затрымалі на гадзіну, калі яны выйшлі з самалёта “Варшава–Менск”. У Сяргея Альфера забралі 135 эўра і 80 даляраў, у Яраслава Раманчука – ноўтбук і некалькі соцень эўра, у Вольгі Карач – таксама невялікую суму эўра. Мытнікі патлумачылі апазыцыянэрам, што грошы аддадуць на экспэртызу ў КДБ.

Праз чатыры месяцы Сяргей Альфер паспрабаваў праз суд вярнуць адабраныя грошы. Што з гэтага атрымалася?

Сяргей Альфер не аднойчы зьвяртаўся да мытнікаў і ў КДБ, каб яму патлумачылі, дзе ягоныя грошы й калі іх вернуць. Апазыцыянэр лічыць, што забіраць грошы не было законных падстаў: супраць яго не распачыналі крымінальнай справы, сума не перавышала дазволенай нормы. Упэўненасьць спадара Альфера трымаецца на тым, што мытнікі й не правяралі эўра й даляры, бо адразу адклалі іх у бок. Беларускія ж рублі й польскія злотыя іх не зацікавілі.

Сяргей Альфер дамагаўся ад суду ацэнкі дзеяньняў мытнікаў і супрацоўнікаў КДБ і рашэньня пра вяртаньне ягонай уласнасьці. Але суд не задаволіў ягонага пазову.

Чаму ў апазыцыянэраў забралі грошы й дагэтуль не вярнулі?

Кіраўнік аддзелу арганізацыі мытнага кантролю Юры Колас адмовіўся адказаць на гэтае пытаньне. Ён толькі патлумачыў, што мытня тых грошай ня мае.

(Колас: ) “Грамадзянін Альфер патрабаваў, каб мытня вярнула грошы – з прычыны незаконнага валоданьня. Дык вось: у дадзены момант мытня ня мае гэтых грошай. У дзеяньнях службовых асоб мытні “Менск-2” адсутнічаюць якія-небудзь парушэньні заканадаўства”.

Гаворыць Сяргей Альфер:

(Альфер: ) “Cыходзячы з таго, што сума сканфіскавана невялікая, можна ўявіць, якая ж у краіне цяжкая фінансавая сытуацыя. Бо зь меркаваньняў супрацоўнікаў КДБ, якія там таксама прысутнічалі, вынікае, што й такая невялікая сума можа дапамагчы беларускай апазыцыі ў перамозе над гэтым рэжымам. Акрамя нормаў закону, існуюць дэкрэты прэзыдэнта, указы, інструкцыі, тэлефоннае права, незаконныя паводзіны чыноўнікаў, якія паўстаюць вышэйшымі за ўсе прапісаныя нормы закону”.

Адвакатка Вера Страмкоўская раіць у выпадках, калі на мяжы забіраюць грошы ды іншыя каштоўныя рэчы, зьвяртацца ў пракуратуру.

(Страмкоўская: ) “У гэтай сытуацыі кожны, у каго адабралі маёмасьць, павінен зьявіцца ў той орган, які гэта ўчыніў. Пасьля таго ўжо, як атрымае адказ, чалавек можа зьвяртацца да пракурора, які абавязаны разгледзець законнасьць і абгрунтаванасьць адабраньня маёмасьці”.

У часе выбарчай кампаніі беларускія мытнікі забіралі грошы ў некалькіх апазыцыянэраў – у актывіста АГП Аляксандра Цынкевіча, які ўжо стала жыве ва Ўкраіне й ехаў да бацькоў, у Андрэя Саньнікава ды іншых.

У КДБ знаходзяцца некалькі кампутараў, забраных ужо год таму ў часе ператрусу ў сяброў “Трэцяга шляху” ў межах дасьледаваньня крымінальнай справы за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Актывістам незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, паводле судовага рашэньня, вярнулі іхныя рэчы, бо артыкул, згодна зь якім, нібыта, усё ўчынялася, не прадугледжвае канфіскацыі маёмасьці.

Сяргей Альфер заявіў “Свабодзе”, што будзе абскарджваць судовае рашэньне ў вышэйшых інстанцыях.
XS
SM
MD
LG