Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз беларускіх пісьменьнікаў разьвітваецца з маёмасьцю


Вячаслаў Кулік, Менск Саюз беларускіх пісьменьнікаў рыхтуецца да чарговага зьезду, які мае адбыцца ўвосень. Плянуецца, што, акрамя арганізацыйных пытаньняў, будуць вырашацца цяперашнія праблемы з Домам адпачынку “Іслач” і маёмасьцю ў Доме літаратараў.

Кіраўнік спраў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Анатоль Івашчанка паведамляе, што на сёньня рашэньне Гаспадарчага суду Менску пра высяленьне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з Дому літаратараў цалкам ня выканана: ад былой маёмасьці творцаў тут яшчэ застаецца мэбля й асабовыя справы ў двух мэмарыяльных пакоях імя Максіма Танка.

Гаворыць Анатоль Івашчанка:

(Івашчанка: ) “Больш за 600 асабовых спраў. Пачынаючы ад Купалы, Коласа, Караткевіча, Быкава, – і да зусім новых сябраў творчага саюзу. Справа Васіля Быкава, напрыклад, вельмі тоўстая: у яе ўкладаліся шматлікія публікацыі. Калі адбывалася нейкае дзяржаўнае ўзнагароджаньне, то абавязкова з газэты “Звязда” выразалася адпаведнае паведамленьне. Гэта даволі цікавыя й па-сапраўднаму каштоўныя матэрыялы”.

Анатоль Івашчанка ўдакладняе: больш за 30 тысяч кніг пісьменьніцкай бібліятэкі перавезены ў Ліду. Чакаецца, што гэты фонд будзе разьмешчаны ў гарадзкой бібліятэцы. Як хутка можна чакаць такое падзеі, цікаўлюся ў старшыні рэгіянальнага аддзяленьня Таварыства беларускай мовы Станіслава Судніка. Аднак яму даводзіцца больш гаварыць пра ўзьніклыя фінансавыя праблемы, што запавольваюць гатовасьць будынку.

(Суднік: ) “Тут жа цэны шалёныя. Каб правесьці аналіз трываласьці будынку, рэканструкцыя якога робіцца пад новую бібліятэку, – 200 мільёнаў рублёў “угасілі”. Толькі за праект”.

Пісьменьніцкі літаратурны збор, як даводзіць Станіслаў Суднік, пакуль захоўваецца ў клюбе прыгараднай вёскі Мінойты. Тым часам у Валожынскім раёне завершана дзяржаўная ацэнка кошту Дому адпачынку “Іслач”. Гаворыць старшыня Літаратурнага фонду СБП Язэп Янушкевіч:

(Янушкевіч: ) “Можаце нас павіншаваць! Адбылася афіцыйная перарэгістрацыя менавіта Беларускага літаратурнага фонду. У жніўні мы атрымалі пасьведчаньне. Мы, новае кіраўніцтва, пачалі працаваць і, нарэшце, маем спосаб узьняцца з каленяў. Увесь комплекс “Іслачы” здалі ў арэнду, а цяпер выходзім на рэальны продаж яго”.

Язэп Янушкевіч паведаміў, што, паводле афіцыйнага дакумэнту Дзяржаўнага інстытуту ацэнкі нерухомасьці, мінімальны кошт Дому адпачынку “Іслач” на сёньня – адзін мільён сто тысяч даляраў.

Нагадаем: 2 сакавіка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта аб спагнаньні з грамадзкай арганізацыі Саюз беларускіх пісьменьнікаў 55 мільёнаў рублёў платы за арэнду. Раней, у 1997 годзе, Дом літаратара забралі з падпарадкаваньня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, разам з маёмасьцю грамадзкай арганізацыі. Цяпер будынак Дому літаратара зьяўляецца ўласнасьцю прэзыдэнцкай адміністрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG