Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскім аэрапорце ўведзены больш жорсткія захады бясьпекі


Алесь Дашчынскі, Менск Вялікая Брытанія другі дзень запар застаецца ў стане павышанай гатоўнасьці да тэрактаў, хаця аэрапорты паступова вяртаюцца да нармальнай працы. Днямі былі затрыманы 24 падазраваныя ў падрыхтоўцы сэрыі тэрактаў у самалётах, якія ажыцьцяўляюць рэйсы зь Вялікай Брытаніі ў Нью-Ёрк, Вашынгтон і Каліфорнію.

Са зьвестак паліцыі, на бліжэйшы тыдзень плянаваліся тры хвалі выбухаў на некалькіх ляйнэрах – з прамежкам некалькі дзён. У аэрапортах Вялікай Брытаніі й ЗША трымаюцца захадаў надзвычайнай бясьпекі – у сувязі з пагрозай тэрактаў. Паліцыя мяркуе, што зламысьнікі плянавалі пранесьці на борт самалётаў вадкую выбухоўку, налітую ў бутэлькі ці бляшанкі з напоямі.

Як рэагуюць на гэтую пагрозу ў Беларусі? З Нацыянальнага аэрапорту Менск авіякампанія “Белавія” ажыцьцяўляе ў Лёндан тры рэйсы на тыдзень – у сераду, пятніцу й нядзелю. На сёньняшні рэйс выкуплена менш за палову квіткоў, а на нядзельны – амаль усе. У “Белавіі”, аднак, ня зьвязваюць малалікасьць пасажыраў зь нейкай панікай. Паводле прадстаўніка “Белавіі” Ігара Чаргінца, масавых адмоў ад палёту ў Лёндан не было.

У сувязі з магчымай пагрозай тэрактаў, мяняецца сыстэма дагляду пасажыраў – стала больш ахоўнікаў, узмоцнены дагляд і складзены сьпіс рэчаў, якія нельга браць з сабой на борт самалёта.

(Чаргінец: ) “Мяняюцца рэкамэндацыі пасажырам, што можна праносіць з сабой у ручной паклажы. Таму што частка пасажыраў накіроўваецца празь Лёндан транзытам далей. І калі забаронена везьці нейкую вадкасьць на рэйсе зь Лёндану ў Нью-Ёрк, а чалавек прылятае, узяўшы з сабой, да прыкладу, віскі зь Менску ў Лёндан, то далей ён ня мае магчымасьці здаць гэтую пляшку віскі ў багаж. Дык гэтую бутэльку віскі ў аэрапорце папросту забяруць і выкінуць. Таму мы папярэджваем нашых пасажыраў, каб яны выконвалі патрабаваньні ангельскіх авіяцыйных уладаў”.

У Менску вадкія рэчывы пасажырам прапануецца здаць у багаж альбо перадаць знаёмым ці сваякам, што праводзяць на самалёт. З гэтае ж самае прычыны нельга набыць тыя ж віскі ў краме бязмытнага гандлю. Захады бясьпекі ўведзены й для пасажыраў, якія ляцяць рэйсамі “Люфтганзы” ў ЗША. З ручной паклажы выкідаюцца любыя вадкасьці й гелепадобныя рэчывы – шампуні, крэмы, зубная паста, напоі й так далей.

Паводле дырэктара па авіяцыйнай бясьпецы Нацыянальнага аэрапорту Менск Мікалая Юрчука, захады бясьпекі ўзмоцнены:

(Юрчук: ) “Мы, у сувязі з вышэйпамянёным, і на астатніх рэйсах узмацняем, робім больш жорсткай нашу авіяцыйную бясьпеку – прыкладна такія ж захады чыняцца, як прапануюцца і ў Лёндане. Невядома, адкуль можна чакаць усякага… Зь Лёндану ці з Эўропы ў Маскву ляцяць, а з Масквы сюды – перасадка. Ёсьць жа ў нас транзытныя пасажыры. Таму да ўсіх катэгорый пасажыраў гэта адносіцца”.

У амбасадзе Вялікай Брытаніі ў Менску патлумачылі, што не рэкамэндавалі беларускаму боку адмяняць рэйсы ў Лёндан. Рэйсы Менск–Лёндан не адмяняліся й не затрымліваліся. Паводле прадстаўніка “Белавія”, гэта зьвязана й з тым, што беларускія самалёты прылятаюць у лёнданскі аэрапорт Гатвік, а не ў Хітроў, дзе адбыўся інцыдэнт. Адзінае: пасажырам у Лёндане раяць прыбыць у аэрапорт на рэгістрацыю раней, чым зазвычай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG