Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: актывіст апазыцыі, дэпутат гарсавету А.Чыгір звольнены з працы


Радыё Свабода Управа адукацыі Бабруйскага гарвыканкаму не падоўжыла працоўнага кантракту з апазыцыйным дэпутатам Бабруйскага гарсавету Алесем Чыгіром. Фармальнай падставай для спыненьня працоўных адносінаў стала сканчэньне тэрміну дзеяньня кантракту.

Алесь Чыгір у тэлефоннай гутарцы паведаміў: “Я перакананы, што звальненьне зьвязана з маёй грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю, а таксама з выкананьнем абавязкаў дэпутата Бабруйскага гарадзкога савету. Разумеючы несправядлівасьць такога абыходжаньня, супрацоўнікі Ўпраўленьня адукацыі шукаюць падставы для апраўданьня сваіх дзеяньняў. Напрыклад, ставяць мне ў віну адсутнасьць на працоўным месцы 25 сакавіка. Гэты дзень быў выходны, і я, адпрацаваўшы ўсе свае навучальныя гадзіны, паехаў у Менск. Яшчэ мяне абвінавачваюць у тым, што, нібыта, увесну 2005 году я ўчыніў бойку ў Горадні падчас давыбараў у Палату прадстаўнікоў. Ніякіх агрэсіўных дзеяньняў з майго боку не было. Супрацоўнікі міліцыі мяне вынесьлі з выбарчага ўчастку”.

За трынаццацігадовую настаўніцкую кар’еру Алесь Чыгір ня меў парушэньняў працоўнай дысцыпліны. У агульнаадукацыйных бабруйскіх школах ён выкладаў гісторыю. У 2003 годзе, дзякуючы падтрымцы бацькоў вучняў, Алеся Чыгіра абралі дэпутатам Бабруйскага гарсавету. Пасьля завяршэньня сёлетняе выбарчае прэзыдэнцкае кампаніі яго неаднойчы вінавацілі ў выкарыстаньні службовага становішча для прапаганды апазыцыйных ідэяў сярод навучэнцаў і калег – пагражалі звольніць. У спадара Чыгіра трое дзетак, жонка – у дэкрэтным адпачынку.
XS
SM
MD
LG