Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Менскам адкрыўся завод, дзе будуць зьбіраць іранскія аўтамабілі (фота)


Ігар Карней, Менск Сёньня ў пасёлку Абчак пад Менскам афіцыйна адкрыта зборачнае прадпрыемства іранскіх аўтамабіляў “Саманд” (у перакладзе з фарсі – “Скакун”). У пэрспэктыве “Саманд” на 50% абяцаюць камплектаваць беларускімі вузламі й дэталямі. Аднак адмыслоўцы зьвяртаюць увагу на тое, што ў Беларусі ўзяліся за зборку маральна састарэлых мадэляў.

Кіраўнік Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч кажа, што беларусам прапануюць маральна састарэлы аўтамабіль.

(Маркевіч: ) “Па сутнасьці, “Саманд” – гэта папярэдняя мадэль “Пэжо-405”. Як вядома, ужо зьявілася “Пэжо-407” і нават 406-я мадэль ужо лічыцца далёка ня новай машынай – пераваліла за 10-гадовую мяжу. Таму “Пэжо-405” – абсалютна састарэлая мадэль. У свой час гэта было б нармальна. Ды час ідзе наперад, і для сёньня яна досыць простая. Я сказаў бы нават: неэканамічная… Мы чамусьці пастаянна наступаем на адны й тыя ж граблі: зь нейкай прычыны вось гэтае месца Абчак пад Менскам нам традыцыйна выдае састарэлыя мадэлі”.

Адкрыцьцё аўтамабільнага канвэеру ў Абчаку некалькі разоў адтэрміноўвалася. Затрымкі тлумачылі складанасьцямі з дастаўкай камплектаў для зборкі, якія пакуль што прывозяцца з Ірану. Аднак жа – цьвердзяць арганізатары вытворчасьці з прадпрыемства “Юнісон” – ужо ад наступнага году напалову дэталі будуць беларускімі.

15 гадоў таму ініцыятыву стварэньня беларускага легкавіка агучыў менскі бізнэсовец Андрэй Клімаў. Толькі абвешчаны прадпрымальнікам конкурс праектаў так і застаўся без пераможцаў. Іранскі варыянт спадар Клімаў разглядае як сумнеўную схему супрацоўніцтва. Паводле спадара Клімава, і Ірану, і Беларусі нічога іншага ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі не застаецца.

(Клімаў: ) “Што такое Іран? Гэта, у прынцыпе, закрытая краіна на сёньняшні дзень. Пры ўсіх тых нібыта дэмакратычных пераўтварэньнях, якія там адбываюцца, гэта па-ранейшаму краіна, дзе пануюць антыамэрыканскія, антыглябалісцкія настроі”.



У Францыі мадэль “Пэжо-405” была зьнята з вытворчасьці яшчэ 10 гадоў таму. Апроч таго, кошт машыны не зусім адэкватны фінансавым здольнасьцям беларусаў – за 12 тысяч даляраў можна набыць аўтамабіль куды больш папулярных усясьветных брэндаў. Дылеры заводу спадзяюцца, што “Саманд” стане бюджэтным аўтамабілем. Іншымі словамі, у прымусовым парадку на яго перасадзяць міліцыю, падразьдзяленьні Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях, інкасатараў і, магчыма, асобных чыноўнікаў.

Да 2000 году ў Абчаку ўжо зьбіралі легкавыя аўтамабілі маркі “Форд”. Але з прычыны адсутнасьці попыту адбылося заўчаснае згортваньне вытворчасьці. Некаторыя адмыслоўцы кажуць, што насамрэч ад “Фордаў” адмаўляліся, уведаўшы пра іх беларускае паходжаньне: у пакупнікоў было шмат прэтэнзій да якасьці абчакоўскай зборкі.

Кіраўнік прадпрыемства “Юнісон” Аляксей Ваганаў заяўляе, што спыняцца на іранскім досьведзе не зьбіраецца. У плянах заводу – вытворчасьць індыйскіх ўсюдыходаў “Tata”. Пляны спадара Ваганава вітае старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў, у якога бізнэсовец працуе дарадцам у эканамічных пытаньнях.



На здымках: у траўні іранскі “Саманд” быў прэзэнтаваны на “Менскім аўтасалёне” (фота аўтара).
XS
SM
MD
LG