Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Найхарактэрнейшай адзнакай гэтай групы ёсьць іх нацыянальная часовасьць, або проста сэзонная беларускасьць” (1926)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі ў мінулыя гады беларускія газэты 11 жніўня

“Сялянская ніва”, 1926 год. Нехта Р.Ставіч піша пра мяшчанскую інтэлігенцыю:

“Найхарактэрнейшай адзнакай гэтай групы ёсьць… іх нацыянальная часовасьць, або проста сэзонная беларускасьць. Людзі гэта, пераважна выціснутыя гістарычнымі падзеямі за борт сучаснага жыцьця, лічылі неабходным выкарыстаць беларускі рух для сваіх асабістых мэтаў… Пры нястачы сялянскай інтэлігенцыі яны бордза запоўнілі беларускія ўстановы, а не адзін з іх рабіў і робіць высілкі навет на прадстаўніка нашага народу”.

“ЛіМ”, 1956 год. Рыгор Шкраба выказваецца пра літаратурную крытыку:

“Не будзе перабольшаннем, калі сказаць, што рэальнае значэньне многіх дысертацый для нашай літаратурнай навукі роўна нулю. Адзінымі чытачамі іх бываюць самі дысертанты і іх апаненты. Далейшы лёс гэтых навуковых даследванняў, на якія затрачаны немалыя дзяржаўныя сродкі, – ляжаць на паліцах кнігасховішчаў і пакрывацца пылам. Спробы надрукаваць іх часцей за ўсё канчаюцца няўдачай, бо яны не вытрымліваюць самых элементарных патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да навуковай працы”.

“Звязда”, 1976 год. Друкуецца афіцыйнае паведамленьне:

“Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Беларусі, Прэзідыум Вярхоўнага Савета і Савет Міністраў БССР з глыбокім жалем паведамляюць, што 9 жніўня 1976 года пасля цяжкай хваробы на 56-м годзе жыцця памёр Іван Паўлавіч Мележ – народны пісьменнік БССР, лаўрэат Ленінскай прэміі, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, вядомы грамадскі дзеяч”.
XS
SM
MD
LG