Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Такіх грамадзянаў, якія думаюць толькі пра свой дабрабыт, якіх задавальняе Лукашэнка, з кожным днём становіцца ўсё менш"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за пятніцу, 11 жніўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “А беларусы ж ня дрэнна ўладкаваліся, так? Ня так і бедна яны жывуць, але пра гэта цяпер нават вашыя незалежныя эканамісты кажуць. Так? Вы ж падселі на расейскую нафту й газ. Гэта па-першае. Акрамя таго, гандлюеце антыдэмакратычным рэжымам Лукашэнкі. А як жа іначай сказаць, то бок, на барацьбу з рэжымам таксама даляры з замежжа паступаюць, дзякуючы апазыцыі. А яшчэ Чарнобыль. І пад Чарнобыль капейка перападае. Ня ўсё так дрэнна. Ну навошта вам перамены, а? Я рускі чалавек, мне ўсё роўна. Шчасьліва вам”.

(Мікола Чыбісаў зь вёскі Казлоўшчына: ) “Паважанае Радыё Свабода. Калі вы чытаеце звароты грамадзян Беларусі або пускаеце ў этэр тэлефанаваньні, то даяце і адрас, вёску, напрыклад, і імя. Гэтага чалавека лёгка знайсьці і мець зь ім кантакт. А вось калі з горада тэлефануе чалавек, то вы ня кажаце ні якая вуліца, ні дом, дзе ён пражывае. Таму я хачу папрасіць дадаваць адрас гараджаніна, каб яго можна было знайсьці. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Ніколі ў жыцьці ў Беларусі ніхто ні ў чыё жыцьцё ня ўмешваўся. Я магу паслаць і Лукашэнку, і вас, і ўсіх. Ніколі ў жыцьці да мяне ніхто ня прыйдзе і ня скажа: “Ты не павінен гэтага рабіць.” А ў Злучаных Штатах, на Захадзе ня дай бог такое адбудзецца, адразу будзе справа кердык, адразу. Так што паглядзіце на сябе ў люстэрка”.

(Спадарыня: ) “Вось прыклады ўмяшаньня ўлады ў прыватнае жыцьцё. На бацькоўскіх сходах настаўнікаў прымушаюць раіць бацькам не казаць кепска аб Рыгоравічу пры дзецях. На працы ў нас начальнікі ведалі, каго пасылаць "запляскаць" Казуліна, калі загадалі зьверху. І яшчэ прыклад: ні старому, ні малому тэлебачаньне не дае забыцца на жаночыя крытычныя дні. Жанчыны злуюць і мараць аб рэкляме...”

(Спадар: ) “Я наконт таго, ці ўмешваецца дзяржава ў нашыя прыватныя справы. Вельмі дрэнна, што ніхто з тых, хто тэлефануе, не прыводзіць канкрэтныя прыклады. Я яшчэ раз хачу падкрэсьліць, што вось такі прыклад, калі дзяржава сваім неўмяшаньнем парушае нашыя правы і законныя патрабаваньні. Гэта тое, што разьвяліся п’янка, хуліганства, мардабой. Такое амаль ва ўсіх пад’ездах на вуліцы Платонава… Падыйсьці немагчыма, што робіцца! Вось гэта і ёсьць парушэньне”.

“Я наконт аўтамабіляў, пра якія ўсю раніцу па тэлефоне ідзе размова. Канечне, маркі добрыя, безумоўна. І “Аўдзі”, і “Мэрсэдэсы” – усё выдатна. Пытаньне іншае. Уся Эўропа скінула гэтыя старыя машыны, што ўжо адслужылі свой тэрмін і якім забаронена ўжо езьдзіць на дарогах Эўропы. Яна ўсё скінула танна нам. Вось пра што вы павінны весьці гутарку. І таму ў Менску больш 60 % загазаванасьці гэтым угарным газам С2 О. Вось што страшна, а ня соплі гэтыя “сю-сю”. Безумоўна гэтыя маркі добрыя, але ж нашы людзі пастарэўшыя мадэлі купляюць, што праслужылі 10, 20 год… І іранскія чым дрэнныя? Трэба толькі, каб новыя былі”.

(Спадарыня з Магілёву) “Любая вайна, дзе б яна ні была, забівае агромістую колькасьць насельніцтва, якое практычна ня мае ніякага дачыненьня да палітыкі, павінна хваляваць і абураць кожнага нармальнага чалавека. Слухала адказы жыхароў Менску і зрабіла выснову: калі чалавека не хвалюе і не абурае тое, што адбываецца на Блізкім Усходзе, дзе за месяц вайны толькі ў Лібане забіта амаль тысяча чалавек, яго не хвалюе і не абурае тое, што адбываецца ў Беларусі. Думаю, што такіх грамадзянаў, якія думаюць толькі пра свой дабрабыт, якіх задавальняе Лукашэнка, з кожным днём становіцца ўсё менш. А наконт вайны на Блізкім Усходзе лічу, што, хто першы стрэліў, той першы і павінен спыніцца. Гэта абавязан зрабіць Ізраіль”.

(Ларыса зь Менску: ) “Апошнім часам часта ўзьнікае пытаньне: хто такія беларусы, іх мэнталітэт, іх паводзіны ў грамадзкім жыцьці. Яшчэ клясык беларускай літаратуры пісаў: “А хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе? – Беларусы. А што нясуць на сваіх плячах? – Сваю крыўду”. Так мы да гэтага часу нясем сваю крыўду, бо свае думкі баімся выказаць. Усё аглядваемся. Нават тыя, хто ва ўладзе, ня ўносяць свае прапановы, каб палепшыць жыцьцё ў краіне. На паседжаньнях сядзяць, галаву апусьціўшы, і ўсё нешта пішуць. Ну, а прадпрымальнікі, ад якіх шмат што залежыць, таксама ня ўносяць свае прапановы, каб палепшыць жыцьцё. Пакуль жанчынка Любачка пайшла на такі крок, на які ня здолеў пайсьці ніхто з мужчынаў. Такім чынам, хочацца прапанаваць выбіраць ва ўрад мужных жанчын. Можна, нават, выбраць і жанчыну прэзыдэнта. Тыя жанчыны, якія вярнуліся зь Блізкага Ўсходу, пажыўшы нават у такіх краінах, ня хочуць тут жыць, бо бачаць, што пражыць на такія заробкі, як у нас, вельмі і вельмі цяжка”.
XS
SM
MD
LG