Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Археолягі знайшлі ў Горадні падмуркі невядомага палаца (фота)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні адбываюцца археалягічныя раскопкі, якія праводзіць старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Аляксандар Мядзьведзеў. Яму дапамагаюць чацьвёра добраахвотнікаў —навучэнцы гімназіі і студэнт. На месцы раскопу — дзе раней быў Кармэліцкі кляштар — на вуліцы Маставой пабываў наш карэспандэнт.

Стары горад у Горадні займае немалую плошчу, аднак археолягаў за работай, на жаль, можна ўбачыць вельмі рэдка. Сталічны навуковец Аляксандар Мядзьведзеў дасьледую трэцюю пляцоўку, яна памерам два на шэсьць мэтраў: знойдзены стары брук, і яго ня сталі здымаць цалкам, частку пакінулі. Археоляг паказвае дробныя знаходкі — аскепкі ганчарных вырабаў, косткі і тлумачыць, што на падворках замка, палаца, кляштара звычайна добра прыбіралі і цікавыя знаходкі трапляюцца ня часта. Цікавейшым быў раскоп на рагу вельмі старой вул. Падольнай.

(Мядзьведзеў: ) “Кафля там знойдзена 17-га стагодзьдзя, цікава тое, што па плянах там была вулічная забудова і толькі далей быў палац князёў Масальскіх — пазначаўся на пляне. І раптам тут, практычна пад гарой Бэрнардынскага кляштара, знаходзім магутны падмурак моцнай пабудовы і ўнутры — у запаўненьні кафля 17-га стагодзьдзя, зялёная паліва, многа кафляў з выявай кветак і адна — чалавек у бэрэце. Часам былі такія выявы нібы партрэтныя”.

Атрымліваецца, што археоляг можа зрабіць пэўнае адкрыцьцё.

(Мядзьведзеў: ) “На гравюры канца 16-га стагодзьдзя на тым месцы нешта пазначана — вольнае месца мо’ для заняткаў вайсковай справай, для трэніровак. У 18-м стагодзьдзі там таксама нічога не было. Атрымліваецца, што ў 17-м ці пачатку 18-га стагодзьдзя там быў нейкі вялікі палац. Трэба яшчэ паглядзець па дакумэнтах, па плянах, можа яшчэ штосьці выявіцца”.

Цяперашнія раскопкі дазволены таму, што пасьля заканчэньня рэканструкцыі Савецкай плошчы — ніжэй будзе рабіцца транспартная разьвязка. Задачай археолягаў было дасьледаваць у тым месцы культурны слой, які мае глыбіню тры мэтры. У раскопках удзельнічае студэнт Аграрнага унівэрсытэту Ян Габіс, ён гаворыць:

(Габіс: ) “На першым раскопе мы знайшлі дастаткова цікавыя фрагмэнты керамікі, знайшлі рэшткі посуду з такім цікавенькім арнамэнтам, а таксама кафлю зь зялёнай палівай. Я гэтыя часткі сам знаходзіў уласна. Справа ў тым, што гэта ўжо мае другія раскопкі. Мая спэцыяльнасьць зьвязаная зь сельскай гаспадаркай, ну а гэта проста цікавасьць такая да сваёй гісторыі”.

Паводле Аляксандра Мядзьведзева, знаходкі будуць перададзены ў Гарадзенскі гісторыка-архэалягічны музэй. Навуковец гаворыць, што паводле новага Закону аб ахове спадчыны, яны атрымаюць права прыпыняць будаўнічыя работы, калі іх будуць праводзіць у важных гістарычных месцах.

Рэч у тым, што сёлета будаўнікі па-варварску трушчылі падмуркі палацаў, калі рамантавалі Савецкую плошчу. Адзін з гісторыкаў мне ўчора сказаў, што цэнтар Горадні мае статус помніка горадабудаўніцтва, аднак улады на гэта не зважаюць: тут рэгулярна праводзяцца земляныя работы, а археолягаў выклікаюць гады ў рады.


Археоляг Аляксандар Мядзьведзеў


Моладзь у раскопе працуе рыдлёўкамі (у капелюшы – Ян Габіс).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG