Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане іранскі “Саманд” нацыянальным беларускім аўтамабілем?


Ігар Карней, Менск Сёньня на былым канвэеры “Форд-Юніон" у пасёлку Абчак пад Менскам пачынаецца зборка легкавіка іранскай маркі “Саманд”, што ў перакладзе азначае конь-скакун. Арганізатары вытворчасьці іранскіх аўто заяўляюць, што сабраныя ў Беларусі машыны зь цягам часу будуць камплектавацца беларускімі дэталямі, каб потым прадавацца як беларускі прадукт і бяз мыты.

У Абчаку чакаюць трэцяга прышэсьцья бізнэсоўца Аляксей Ваганава. Пры канцы 1990-х тут ужо быў безвынікова згорнуты “праект стагодзьдзя” з амэрыканскай карпарацыяй “Ford”. Ня мела плёну і пачатая ў 2003-м годзе вытворчасьць малатанажных польскіх грузавікоў “Люблін-3”. Цяпер сваім партнэрам Ваганаў абраў кампанію “Iran Khondro” – вытворцу аўтамабіляў на базе францускага “Peugeot-405”. Спадар Ваганаў перакананы, што форс-мажору з адкрыцьцём зборачнага канвэеру, што некалькі разоў адтэрміноўвалася, больш ня будзе.

(Ваганаў: ) “Якія форс-мажоры яшчэ павінны быць? Усё йдзе паводле графіку”.

Вытворчасьцю іранскіх аўтамабіляў будзе займацца сумеснае прадпрыемства “Юнісон”. Асноўную масу аўто будзе складаць “Саманд” з аб’ёмам рухавіка 1,8 літра, выраблены на базе ўжо маральна састарэлага “Пежо-405”. Меркаваны кошт – 10-12 тысячаў даляраў, што не зусім адпавядае беларускаму разуменьню “народнага аўтамабіля”. Напэўна, таму пераважную большасьць “Самандаў” плянуецца пастаўляць у Расею.

Яшчэ на пачатку 1990-х бізнэсовец Андрэй Клімаў абвясьціў конкурс на першы нацыянальны беларускі аўтамабіль. Аднак рэалізаваць свае задумы не далі палітычныя зьмены ў краіне. Цяпер спадар Клімаў перакананы: праекты, якія рэалізуюцца ў так званых Свабодных эканамічных зонах, нябездакорныя.

(Клімаў: ) “Што такое Іран? Гэта, у прынцыпе, закрытая дзяржава на сёньняшні дзень. І тыя нібыта дэмакратычныя пераўтварэньні, якія там адбываюцца, гэта па-ранейшаму адбываюцца ў рамках манархічнай краіны, дзе валадаюць антыамэрынканскія, антыглябалісцкія настроі. Што такое Беларусь ня сёньняшенія дзень? Гэта, з аднаго боку, расейская калёнія, пераўтвораная ў такую дзякуючы намаганьням Аляксандра Лукашэнкі, пазбаўленая незалежнаьсці эканамічнай, палітычнай. Гэта краіна, якая вядзе неабвешчаную вайну з Амэрыкай, холодную вайну. Усё гэта вызначыла лёгіку падобнай эканамічнай камбінацыі, інакш яе не назавеш”.

Упершыню на публічны агляд іранскія “Саманды” у якасьці беларускага нацыянальнага аўтамабіля былі выстаўленыя падчас травеньскага “Менскага аўтамабільнага салёну”. Менавіта тады Анатоль Карольчанка, дылер кампаніі, якая будзе займацца продажам аўтамабіляў “Саманд” у Беларусі, , выказаў спадзяваньне, што дзяржаўная падтрымка дазволіць аўтамабілю з Усходу досыць хутка “раскруціцца” на беларускім рынку. У прыватнасьці, заявіў, што ягоная фірма пазыцыянуе іранска-беларускі аўтамабіль як бюджэтны. А гэта значыць, што міліцыянты, пажарныя, інкасатары ды іншыя хуткім часам могуць перасесьці менавіта на “Саманды”.

На нарадзе ў пытаньнях разьвіцьця аўтамабільнай галіны Аляксандар Лукашэнка загадаў вызначыцца з прыярытэтамі ў арганізацыі ўласнай аўтавытворчасьці ў Беларусі. Дагэтуль вялася гаворка пра магчымы прыход у краіну некаторых эўрапейскіх вытворцаў – у прыватнасьці, карпарацыі “Фальксвагэн”, аднак пад канец мінулага году кіраўнік прадпрыемства “Юнісон” Аляксей Ваганаў заявіў, што ў 2006 годзе асіміляваныя іранскія аўтамабілі зьявяцца на беларускіх дарогах.



XS
SM
MD
LG