Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатолю Лябедзьку не далі сустрэцца з Артурам Фінькевічам


Радыё Свабода, Магілёў Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі ня здолеў у Магілёве спаткацца з палітвязьнем Артурам Фінькевічам. Супрацоўнікі спэцкамэндатуры, якую Лябедзька наведаў пры канцы свайго візыту, паведамілі, што Артура Фінькевіча на месцы няма. Пытаньне, дзе ён знаходзіцца, засталося без адказу. Анатоль Лябедзька пасьля гутаркі напісаў скаргу на нетактоўныя паводзіны міліцыянтаў з наведнікамі папраўчай установы.

Сустрэча з Артурам Фінькевічам была заплянаваная загадзя. Са слоў работнікаў прадпрыемства, на якім працуе Фінькевіч, яго за гадзіну да канца працоўнага дня некуды тэрмінова выклікалі. Знайсьці месца ягонага знаходжаньня цягам трох наступных гадзінаў не ўдалося.

Пра сваё затрыманьне ў Магілёве Анатоль Лябедзька сказаў нашаму радыё:

(Лябедзька: ) “У фармаце кампаніі “Салідарнасьць дзеля свабоды” мы раздавалі газэту “Народная воля”, дзе зьмешчаны вялікі артыкул пра судовы працэс над маладымі людзьмі з “Партнэрства”. Нас затрымала міліцыя, і нас пратрымалі паўтары гадзіны ў пастарунку. Нас двойчы адпускалі, потым вярталі назад, таму што нейкі начальнік перастрахоўваўся і высьвятляў у тых, хто сядзіць на жэрдачцы вышэй за яго, што рабіць з затрыманымі людзьмі і экзэмплярамі “Народнай волі”.
XS
SM
MD
LG