Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалаеўшчына: “Як хочаш добра жыць, трэба падпарадкоўвацца найперш уладзе”


Зьміцер Бартосік, Мікалаеўшчына (Менская вобласьць) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія” (эфір 1 жніўня).

Ваколіцы вёскі Мікалаеўшчына, радзімы паэта Якуба Коласа, нагадваюць асобную краіну. Межы гэтай краіны пазначаны драўлянымі слупамі-скульптурамі. Уздоўж асфальтавай трасы, на лясных ростанях, па берагах Нёману паўсталі высачэзныя стоды – разьбаваныя героі “Новай зямлі” й “Сымона-музыкі”. Дзякуючы Коласаваму музэю-запаведніку, сасновых лясоў тут не высякаюць, і паветра ў гэтай своеасаблівай краіне надзвычай чыстае. А яшчэ адна мясцовая ўласьцівасьць – чыстая беларуская мова насельнікаў. Да таго ж заўважная тут і адна выразная парадаксальная прыкмета. Але пра яе крыху пазьней…

Старэйшы навуковы супрацоўнік коласаўскага музэю “Акінчыцы” Юры Міцкевіч, унучаты пляменьнік паэта, ходзіць па хаце, дзе нарадзіўся стрыечны дзядуля, як спадчынны гаспадар.



(Міцкевіч: ) “Да мяне прыяжджаюць з усяго сьвету. У мяне былі пасол Англіі, пасол Японіі, шэйх Дубаю, зь Дзярждумы Расеі Генадзь Селязьнёў. У мяне тут многа народу бывае ўсякага – і добрага, і ліхога. Бываюць паскудныя людзі, бываюць добрыя”.

(Карэспандэнт: ) “А паскудныя – гэта…”

(Міцкевіч: ) “Сілком вязуць зь Менску школьнікаў. “Вы дзе пабылі?” – “На радзіме Янкі Купалы”.

Аднойчы гаспадар Коласавага дому ледзь не справакаваў міждзяржаўны канфлікт.

(Міцкевіч: ) “Прыехалі аднойчы тры генэралы генштабу Расеі. І нашы тры генэралы. Паказаў ім музэй. Папытаўся: “Будзем гаварыць на мове ці на языку?” – “На мове”. Пачалі гаварыць на мове. Яны былі задаволены. Пасьля паехалі на турбазу. Там было сабрана на стол, як заведзена. І вось яны за чаркай пачалі гаварыць, як гэта Коласава наша прыбраць да рук: там падзямельлі, ракеты там зьбіралі й гэтак далей, а потым, як разваліўся Саюз, усё гэта прапала. І вось яны дамовіліся, кажуць: “А каго мы паставім камандзірам?” “Мяне пастаўце”, – я ўсадзіў свой язык. “А чаму вы хочаце стаць?” “Палавіну ракет, – кажу, – на Маскву, палавіну на НАТО. Вось так паставім, у два рады”. “А чаму на Маскву?” “Ну, каб газ нам давалі танны, каб трохі пагроза нейкая была. Можам пальнуць – як што якое”. Як пачалі яны сьмяяцца!..”

Тацяна Хвалей – настаўніца. Мікалаеўшчынскай школе больш за сто сорак гадоў. Але вучняў з кожным годам усё меней.

(Тацяна: ) “Народ… Пераважна засталіся пэнсіянэры. Моладзі вельмі мала. Якуб Колас пайшоў у Менск – і ўся моладзь за Якубам Коласам у Менск. У нас у школе засталося Міцкевічаў два чалавекі. Першую клясу цяпер скончыла пяць вучняў. На наступны год набіраем толькі аднаго”.

Моладзь зьбягае па сьлядах вялікага земляка ня толькі з адсутнасьці прыстойных заробкаў у мясцовым СВК.

(Тацяна: ) “У нас газу няма. У нас нават няма вады. Чатыры гады назад дабіўся – такі ёсьць Мікалай Дубовік, дэпутат – і выдаткавалі грошы. Але нічога гэтага няма. І мы цяпер без вады, бяз газу. Што вёска робіць? Вымірае. Дачнікі скупляюць тыя дамы, дзе паміраюць людзі”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі каштуе дом?”

(Тацяна: ) “Ну, калі просьценькі вясковы – паўтары–дзьве тысячы. Тут вельмі складана жыць”.

Соф’я Міцкевіч, пляменьніца Коласа, жыве на хутары Смольня ўвесь век. Спачатку – як сялянка, а зь 50-х гадоў – як загадчыца дзядзькавага музэю. Яна й сама нечым – прашу ў спадарыні прабачэньня – сталася жывым экспанатам Смольні: настолькі яркае партрэтнае падабенства зь вялікім продкам. А вось і яна – галоўная прыкмета гэтай маленькай краіны. Гаворачы са мной па-беларуску, гаворачы адкрыта, не баючыся дыктафона, старая кабета ня можа дапусьціць аніякай крытыкі паноўнай улады. І не таму, што ў свае 80 гадоў нечага баіцца.



(Соф’я: ) “Вы думаеце, ён беларускай мовы ня ведае? Ён цудоўна можа гаварыць па-беларуску. Я мяркую, зьвязана з тым, што ён езьдзіць паўсюль. А там перакладчыкі ня ведаюць усіх моў. Як жа ён будзе зь імі гаварыць? Я так думаю...”

(Карэспандэнт: ) “Лукашэнкі тут не было ў вас?”

(Соф’я: ) “Не. Быў некалі – знаеце хто? Той, што ўцёк ад Лукашэнкі. Пазьняк. На вэрандзе ў мяне сядзеў”.

(Карэспандэнт: ) “А пра што Пазьняк гаварыў тут?”

(Соф’я: ) “Слухайце, – кажа, – я ня п’ю”. Дама ягоная сядзела, жонка будучая. “Ня п’ю” дык “ня п’ю”. Яму й не наліваюць. Дык ён сядзіць, сядзіць, глядзіць, што… Дый давай сам наліваць. Во такое было. Непастаянны чалавек. Я лічу, што ён няправільна сябе павёў. Куды ён выехаў і нашто? Не падружыўся з Лукашэнкам? Паспрабаваў бы падружыцца. Як належыць. Я ня думаю, што Лукашэнка яго падставіў”.

Усім беларускім палітыкам Соф’я Міцкевіч жадае браць прыклад са свайго роднага дзядзькі.

(Соф’я: ) “Колас прасядзеў тры гады. Пытаецца адзін: “Канстанцін Міхайлавіч, а як жа ў турме?” Колас кажа: “Ты хочаш ведаць, як у турме? Ты заслужы. Гэта трэба заслужыць. І пойдзеш – пасядзіш”. Вось чым чалавек вылучаецца – дзядзька мой родны”.

Пэнсіянэр Уладзімер Рыгорчык на мой зварот “спадар Уладзімер” запрасіў шырокім жэстам на панадворак. Бо ня любіць слова “таварыш”.

(Рыгорчык: ) “Таварыш – гэта па-італьянску пастух. Ты помніш, хто ў нас быў таварыш першы, лысы?”

На гэтым дзівосы Коласавай краіны ня скончыліся. Усёй душой хварэе спадар Уладзімер за аднаго вядомага гульца.

(Рыгорчык: ) “Ён як у хакей гуляе, я крычу: “Шурык, бі!” І заб’е шайбу. Чаму Шурык? Ну, “прэзыдэнт” брыдка ж казаць”.

На маё зьдзіўленьне такім гумарным стаўленьнем да жыцьця спадар Уладзімер патлумачыў наступнае.

(Рыгорчык: ) “Ведаеш, што? Гэта, мусіць, мы, мікалаеўцы, так умеем, на радзіме Якуба Коласа. У мяне дзесяць сотак клубніц. Паехаў я на Камароўку, прадаў тры вядры. І думаю: а дзе ж выпіць чарку? Узяў бутэльку віна, узяў два піражкі й пайшоў да Коласа – там жа Колас сядзіць. А ў 53-м годзе я Коласу расказаў вершык. Ён мне дваццаць пяць рублёў даў. За тое, што я яму вершык расказаў”.

(Карэспандэнт: ) “І які быў гэты дзядзька Колас?”

(Рыгорчык: ) “Вельмі вясёлы. Харошы. Пагладзіў мяне”.

У палітыцы стары Рыгорчык удзельнічае не як староньні глядач. Нават грамату ад Лукашэнкі атрымаў – за збор подпісаў.

(Карэспандэнт: ) “Што гэта?”

(Рыгорчык: ) “Чытай!”



Але насаладзіцца моваю Лукашэнкавай адміністрацыі мне не пашчасьціла. На ганак выйшла Рыгорчыкава сужанка.

(Рыгорчыха: ) “Хопіць ужо дурня валяць!”

(Рыгорчык: ) “Гэта карэспандэнт прыехаў!”

(Рыгорчыха: ) “Мне да с…, хто прыехаў! Марш адсюль, каб я болей плётак ня чула тваіх. Хопіць мандаболіць!”

Цяжка жыць у гэтай краіне ня толькі апазыцыянэру, але й адданаму прыхільніку рэжыму.

(Рыгорчык: ) “Вось бачыш. Аляксандар Лукашэнка… А ты пытаесься… Я трыста чалавек падпісаў. Сьляпыя й тыя расьпісваліся, ляжачыя. У нас кажуць: “За Лукашка”. “За каго будзеш?” – “За Лукашка!”

(Карэспандэнт: ) “За што любяць?”

(Рыгорчык: ) “Я табе скажу. Такіх нараджаецца мала. Гэта дэ Голь, гэта Чэрчыль, гэта Піначэт. Яго будуць любіць усё жыцьцё”.

А яшчэ спадар Уладзімер выявіў не абы-якую палітычную падкаванасьць і абазнанасьць.

(Рыгорчык: ) “Лявонаву, дырэктару трактарнага заводу (18 мільёнаў баксаў), – шэсьць год далі. Віньнікаву чаму адпусьцілі? Чаго яна па Бі-Бі-Сі бегае за 18 мільёнаў баксаў? Давай, дарагі мой друг Дзіма, па 18 мільёнаў хвацім – і па 6 год пасядзім. Згодзен, га? Хопіць і нам, і дзецям, і унукам”.

Слухаць спадара Рыгорчыка можна бясконца. Але дамо слова іншаму мікалаеўцу Міхалу Скарабагатаму, які на маё простае пытаньне, у чым галоўны закон жыцьця, выдаў просты адказ.



(Скарабагаты: ) “Знаў польскую мову. Падчыняўся ўладзе. Польскай. Любая улада прыйдзе – падпарадкуесься. Вось былі мы ў акупацыі. А што – падчыняцца ня будзеш? Немцу? А як жа? Жыць трэба? Як хочаш добра жыць, трэба падпарадкоўвацца, найперш – уладзе. Я так разумею. Нічога без улады ня зробіш. Якая ўлада ні была б, я для ўлады – нуль. Куды я ні пайшоў бы...”

Вось такі тут дзіўны закон усталяваны – любіць Беларусь, гаварыць па-беларуску й падпарадкоўвацца ўладзе. Гэта вельмі па-коласаўску. А на заканчэньне прагноз ад Юр’я Міцкевіча.

(Міцкевіч: ) “Канчаецца тэрмін працы Лукашэнкі. Ня вечны ж ён. Стане новы прэзыдэнт, і стане новая праграма. І ўсё пойдзе па іншым рэчышчы. Маятнік матнецца ў іншы бок. Я яго паважаю – як чалавека. Але… што нацыянальнай ідэі ў яго няма, мне не падабаецца. А яна павінна быць. Нацыя павінна быць нацыяй. Гэта справа папраўная. Нацыя не памрэ. Пакуль жыве Бог, там, над Зямлёю, то будзем і мы, беларусы, жыць. Будзем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG