Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацкага актывіста Антона Ясіновіча прызналі невінаватым


Радыё Свабода, Наваполацак Сёньня адміністрацыйная камісія Наваполацкага гарвыканкаму разглядала справу актывіста Антона Ясіновіча, якога абвінавачвалі ў парушэньні артыкулу 172 (часткі 3) Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях – распаўсюджваньне друкаваных матэрыялаў без выходных зьвестак. Азнаёміўшыся з пратаколам затрыманьня, камісія з прычыны адсутнасьці доказаў прызнала актывіста невінаватым.

Антон Ясіновіч быў затрыманы 21 чэрвеня ў Полацку й суткі адседзеў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Прычынай для гэтага, паводле міліцэйскага рапарту, стаўся распаўсюд “агітацыйных матэрыялаў супраць дзейнага дзяржаўнага ладу”, а таксама абраза нецэнзурнай лаянкай работнікаў праваахоўчых органаў.

23 чэрвеня адбылося судовае паседжаньне ў справе аб хуліганстве. Аднак пасьля таго, як сьведкі – міліцыянты, што ажыцьцяўлялі затрыманьне, – пачалі даваць блытаныя й супярэчлівыя паказаньні, актывіст быў апраўданы. Сёньня закрыта й адміністрацыйная справа з факту распаўсюджваньня друкаваных матэрыялаў.
XS
SM
MD
LG