Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вернікі абураныя разгонам летніку, у якім адпачывалі іхныя дзеці


Любоў Лунёва, Менск 9 жніўня супрацоўнікі міліцыі з дапамогай вайскоўцаў зьліквідавалі дзіцячы летнік, які за ўласныя грошы арганізавалі вернікі-пратэстанты для сваіх дзяцей. Летнік на хутары Ціжышкі Смаргонскага раёну праіснаваў адзін дзень. А затым у яго прыехалі супрацоўнікі гарвыканкаму, санстанцыі й міліцыі. І запатрабавалі, пагражаючы санкцыямі й накіраваньнем у спэцпрымальнік-разьмеркавальнік, каб дзяцей адвезьлі ў Менск.

Пратэстанты рыхтуюць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў і чыноўнікаў з аддзелу адукацыі. Яны лічаць, што ліквідацыя дзіцячага летніку ёсьць працягам перасьледу прадстаўнікоў неправаслаўных канфэсіяў.

8 жніўня 47 дзяцей вернікаў-пратэстантаў разам зь некалькімі бацькамі нанятым двухпавярховым аўтобусам прыехалі на хутар Ціжышкі Смаргонскага раёну. Бацькі плянавалі, што дзеці будуць адпачываць цягам тыдня. Але праз пару гадзінаў на хутар прыехалі спачатку ўчастковы міліцыянт, а потым адзін за адным супрацоўнікі гарвыканкаму й санстанцыі.

На наступны дзень чыноўнікі гарвыканкаму запатрабавалі ад арганізатараў летніку ад’езду ў Менск – з пагрозаю, што ў іншым выпадку ўсіх затрымаюць, а дзяцей адвязуць у спэцпрымальнік. Пры гэтым чыноўнікі паабяцалі давезьці ўсіх камфартабэльным аўтобусам.

Гаворыць маці 8-гадовага хлопчыка Раіса:

(Раіса: ) “Радаваўся, што будзе спаць на надзіманым матрацы, на сьвежым паветры, што будзе каля вогнішча, баброў у рэчцы ўгледзіць… Што яны нам кажуць пра санітарыю, лухта. У вёсцы дзеці і на сене сьпяць, і яблыкі нямытыя падбіраюць – і ніхто яшчэ з гэтага не хварэў. А яны кажуць, што клапоцяцца пра нашых дзяцей. Прывезьлі іх у якім стане?! Мокрыя ўсе былі. Сумкі, на сумках дзеці, малыя й вялікія, – усё ў адным аўтобусе. А там салдатаў прыгналі, міліцыянтаў. І на ўсё гэта трэба было глядзець дзецям”.

Бацькам пагражалі, што складуць на іх пратаколы. Распавядае шматдзетная маці Валянціна Аніскевіч:

(Аніскевіч: ) “Чаму я не магу ўзяць з сабой дзіця сваёй сяброўкі альбо, напрыклад, суседкі? Вось у гэтым і было маё парушэньне, што я ўзяла яшчэ дваіх дзетак сваіх сяброў. Казалі: “Мы вам праз паўгадзіны дамо аўтобус”. Нібыта мы такія ворагі...”

Шматдзетны бацька Валеры Мянькоўскі тлумачыць:

(Мянькоўскі: ) “Шкла не было ў аўтобусе. Не паўсюль, але наперадзе шкло было пабіта. Дзеці ехалі на скразьняку. Іх набілася туды… Іх згрузілі – сумкі, заплечнікі, дзеці – у адной кучы. Мы будзем падаваць скаргу. Яны з намі – паводле закону, і мы будзем зь імі па законе”.

Дзяцей доўгі час трымалі ў аўтобусе на пляцоўцы каля Лядовага палацу.

Кажа маленькі Кастусь:

(Кастусь: ) “Мы крычалі “Свабоду!”, таму што дзьвярэй не адчынялі”.

Намесьніца старшыні Смаргонскага райвыканкаму Сьвятлана Шмыга паведаміла Радыё Свабода, што змушаная была прыняць рашэньне аб ліквідацыі летніка:

(Шмыга: ) “Харчблёк – у канюшні. Месца для правядзеньня масавых мерапрыемстваў… Ну, гэта хутар. Нават сьпісу дзетак не было. Ёсьць палажэньне аб летнім адпачынку. Санкцыянуюць гэтыя летнікі”.

Вернікі-эвангелісты паведамілі “Свабодзе”: днямі зьбіраюцца падаць скаргу ў пракуратуру.
XS
SM
MD
LG