Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Конкурс у беларускія ВНУ штогоду памяншаецца


Галіна Абакунчык, Менск У Беларусі завяршаецца ўступная кампанія ў ВНУ. Гэтымі днямі мае закончыцца залічэньне студэнтаў на ўсе віды платнай формы навучаньня. Залічэньне студэнтаў-бюджэтнікаў спынена тры дні таму. Паводле папярэдніх вынікаў, сёлета сярэдні конкурс па Беларусі склаў 2,8 чалавека на месца. У мінулым годзе конкурс быў вышэйшы на 0,1 бала й складаў 2,9 чалавека на месца.

У Міністэрстве адукацыі паведамляюць, што сёлета на бюджэтную дзённую форму навучаньня было пададзена 57 з паловай тысяч заяваў. Студэнтамі сталі больш чым 22 тысячы чалавек. Паводле папярэдніх зьвестак, найвышэйшы конкурс – 16,4 чалавека на месца – аказаўся на факультэце кампутарнай графікі Пэдунівэрсытэту імя Танка, 14,9 чалавека на месца – на факультэце дызайну БДУ, 10,2 чалавека на месца – на факультэце ўсясьветнай эканомікі Беларускага нацыянальнага эканамічнага ўнівэрсытэту.

Высокі конкурс на асобныя факультэты адзначаны таксама ў Акадэміі мастацтваў, Акадэміі міліцыі, Камандна-інжынэрным інстытуце Міністэрства па надзвычайных сытуацыях і ў іншых ВНУ.

Гаворыць інспэктар упраўленьня Міністэрства адукацыі Марына Карпенка:

(Карпенка: ) “На спэцыяльнасьць “Правазнаўства” заўсёды быў конкурс. Так і застаецца. Высокі конкурс на эканамічныя факультэты. Яны заўсёды карысталіся попытам. І гэта трымаецца. У БГЭУ конкурс 7,1 чалавека на месца быў на спэцыяльнасьць “Лінгвістычнае забесьпячэньне міжкультурных камунікацыяў”. Словам – папярэдне – конкурс быў усюды”.

Паводле спадарыні Карпенкі, сёлета найменшай папулярнасьцю ў абітурыентаў карысталіся тэхнічна-матэматычныя факультэты. Так, у БДУ на факультэтах мэханікі й дастасоўнай матэматыкі сёлета быў недабор заяваў, і ў абодвух выпадках конкурс склаў 0,8 чалавека на месца. Невысокі конкурс – 1,1–1,2 чалавека на месца – выявіўся таксама на тэхнічна-хімічных і матэматычных факультэтах БДУ і іншых ВНУ краіны.

Агульны сярэдні конкурс па Беларусі сёлета – на 0,1 меншы за конкурс мінулага году (2,9 чалавека на месца). У 2004 годзе агульнабеларускі конкурс быў 3,1 чалавека на месца. Штогадовае паніжэньне конкурсу ў Міністэрстве адукацыі тлумачаць вынікам дэмаграфічнага спаду ў краіне. Але гэта не адзіная прычына паніжэньня прэстыжу вышэйшай адукацыі, цьвердзіць колішні прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў.

(Паўлаў: ) “Чамусьці ў дзяржаве прэстыж адукацыі нічога ня варты. Адзін стараецца ўсё жыцьцё, а побач ягонаму прыязьніку гэта не цікава. Бо затым куды? У АМАП. І там ён атрымлівае больш за прафэсара. Вось і ўсё. Дык навошта старацца? Якія краіны апошнімі гадамі зрабілі істотны крок у разьвіцьці? Тыя, што ўклалі вялікія сродкі ў адукацыю. Але калі ўлады будуць укладаць сродкі ў адукацыю, а не ў АМАП, – дык хто ж будзе дручкамі махаць? Таму прэстыж адукацыі й падае. Гэта шматфактарная, канечне, праблема. Але названыя фактары відочныя”.

Уступная кампанія 2006 году цалкам будзе завершаная да 12 жніўня.
XS
SM
MD
LG