Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцякачка зь Лібану пра Беларусь: "Пракарміцца тут стала праблемай"


Ігар Карней, Менск У Беларусь працягваюць вяртацца насельнікі з зоны ізраільска-лібанскага канфлікту. Многія зь іх хацелі б застацца тут назаўсёды, але канстатуюць, што нізкія заробкі не дазваляюць паўнавартасна існаваць і выхоўваць дзяцей.

Натальля Эль-Скаф разам зь сям’ёй прыляцела ў Менск у ліку першых вяртанцаў з Блізкага Ўсходу. Кажа, што пільна сочыць за навінамі зь Лібану, бо там засталася вялікая гаспадарка, якая давала сродкі для існаваньня. У Беларусі годных ўмоў для жыцьця пакуль ня бачыць.

(Натальля Эль-Скаф: ) “Мы, канечне, хацелі б тут застацца. Але як складзецца з працай, з усім астатнім, – невядома. Мы ў пошуках. Нават калі там ваенныя дзеяньні й завершацца, то я зь дзецьмі не змагу туды ад’ехаць: школы там ня будзе – прынамсі, у гэтым годзе. Муж, можа, і вернецца, бо ў нас свая крама, свая кавярня – усё на месцы. Ён можа вярнуцца, каб працягваць працу й нам дапамагаць. Таму што, самі разумееце, тут за 200 даляраў я наўрад ці здолею пракарміць дзяцей і пражыць сама”.

Вяртаюцца насельнікі ня толькі зь Лібану, але й з Ізраілю. Былыя грамадзяне Беларусі па-рознаму ставяцца да канфлікту. Але асобныя мяркуюць, што жорсткае стаўленьне да групоўкі “Хізбула” – зьява аб’ектыўная. Гаворыць вяртанец з Ізралю Ігар Шнэйдар.

(Шнэйдар: ) “Людзі жывуць там стагодзьдзямі, з арабамі. Я размаўляў зь людзьмі, якія жывуць там досыць доўга. Ведаю Чачэнію і ўсю гэтую кухню… Іншымі словамі, у іх такі мэнталітэт… Чаму Эўропа не разумее, што адбываецца? Бо глядзяць са сваёй званіцы. Бо дэмакратыю бачаць так: раз мы да іх добра ставімся, то і яны да нас добра паставяцца…”

Мая суразмоўніца Натальля Эль-Скаф кажа, што з радасьцю засталася б жыць у Беларусі. Аднак мясцовыя заробкі і ўзровень цэнаў іх не задавальняюць.

(Натальля Эль-Скаф: ) “Калі б муж змог тут знайсьці працу, калі б я тут магла знайсьці працу, якая нармальна аплачвалася б, – мы тут і засталіся б. З задавальненьнем. Нас Беларусь вельмі моцна прыцягвае. Шмат чым. Але тут вельмі дорага стала жыць. Заробкі нізкія, а кошты высокія. Ня тое, каб апрануцца – пракарміцца стала праблемай, я так паглядзела”.

Ахвярамі ізраільска-лібанскай вайны ўжо сталі калі 900 грамадзянаў Лібану й шэсьць дзясяткаў ізраільцаў. Сёньня пасьля атакі Ізраілю на лягер уцекачоў у Лібане гэтыя лічбы могуць узрасьці.

Ад пачатку ліпеня з зоны ўзброенага канфлікту ў Беларусь эвакуавана 442 чалавекі. Гэта нашмат больш, чым маглі прадбачыць. Празь некалькі дзён пасьля ракетна-бомбавых удараў з розных бакоў гаворка вялася пра 300 беларусаў, што пастаянна ці часова жывуць у Лібане. Як патлумачылі ў МЗС Беларусі, лік нашых землякоў на гэтай зямлі пабольшаў за конт дзяцей, народжаных у зьмешаных шлюбах, якія зьяўляюцца грамадзянамі іншых краінаў.
XS
SM
MD
LG