Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Разановіч выходзіць з галадоўкі


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня – другія суткі, як у Цэнтральным гарадзкім шпіталі Берасьця праходзіць курс інтэнсіўнай тэрапіі ўдзельніца акцыі пратэсту ўладальнікаў і кіроўцаў маршрутных таксі Любоў Разановіч. У інтэрвію Радыё Свабода яна паведаміла, што пасьля сухой галадоўкі пакуль не аднаўляюцца некаторыя функцыі арганізму. У сваю чаргу, загадчык тэрапэўтычнага аддзяленьня гарадзкога шпіталю ў Берасьці Ўладзімер Сварцэвіч вызначае стан здароўя Любові Разановіч – як сярэдняй цяжкасьці. З патрабаваньняў службовай інструкцыі, доктар адмовіўся ўдакладняць дыягназ.

Са слоў Любові Разановіч, курс інтэнсіўнай тэрапіі – гэта перадусім увядзеньне ў арганізм вялікага аб’ёму лекаў праз кропельніцу. Найбольш трывожыць спадарыню Разановіч, што не аднаўляюцца функцыі нырак.

(Разановіч: ) “Мне дрэнна... Ня хочуць працаваць ныркі. Сёньня ўсю ноч катэтэр трымалі. Страўнік вельмі баліць. Сьпіна баліць, ныркі”.

Шпіталізаваная жанчына кажа, што рэабілітацыя прадугледжвае спажываньне абястлушчанай сыроваткі.

(Разановіч: ) “Учора давалі аднапрацэнтную, а сёньня – натуральную. Мяне ад яе адварочвае. Яны ж мне столькі кропельніц уліваюць – па два-тры літры! Сыроватку п’ю й ваду. І – нічога. У арганізьме нейкі збой. Мяркую, што сама ня выйшла б з галадоўкі”.

У часе гутаркі дазнаюся, што Любоў Разановіч наведваюць у шпіталі муж, дзеці, сваякі, а таксама Вячаслаў Кухарчук і Віктар Чайкоўскі, якія працуюць на рэчавым рынку, а да галадоўкі далучаліся на знак салідарнасьці з уладальнікамі маршрутных таксі й кіроўцамі. Да іншых партнэраў па бізнэсе Любоў Разановіч выказвае прэтэнзіі.

(Разановіч: ) “Вельмі шкада, што прадпрымальнікі нават сюды ня прыйдуць – наведаць. Гэта мяне найбольш засмучае. Запалоханыя, баяцца...”

Гэтак спадарыня Разановіч разважае пра больш як 100 ўладальнікаў і кіроўцаў маршрутных таксі ў Берасьці, чые інтарэсы абаранялі ўдзельнікі галадоўкі. Між тым, на Радыё Свабода зьвяртаюцца з прапановамі дапамогі Любові Разановіч нашы слухачы. Гаворыць жыхар Менску Мікалай Цімафееў:

(Цімафееў: ) “Ведаеце, людзей гэта хвалюе, і шмат чаго абмяркоўваецца на форумах у Інтэрнэце. Тут зрабілі вельмі добрую прапанову: адкрыць рахунак – і дапамагчы Любові Разановіч. Адкрыць рахунак – і назьбіраць грошай. Калі ўлады так абыякава ставяцца да жыцьця грамадзянаў, то трэба грамадзянам самім дапамагаць адзін аднаму”.

Нагадаю: Любоў Разановіч і ейная група падтрымкі ўдзельнічалі ў галадоўцы ад 5 ліпеня. Пратэставалі ўладальнікі маршрутных таксі, кіроўцы, а таксама іхныя сваякі й два індывідуальныя прадпрымальнікі супраць трактоўкі Ўказу прэзыдэнта №140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз транспартных сродкаў у камэрцыйных мэтах. Свае маршруткі яны набылі да таго, як вышэйпамянёны Ўказ набыў сілу.

2 жніўня ўдзельніца галадоўкі Л.Разановіч зьвярнулася да прэзыдэнта краіны з адкрытым лістом, у якім прасіла “прадухіліць чалавечую трагедыю й дапамагчы”. Раніцай 8 жніўня яна была дастаўлена ў Цэнтральны гарадзкі шпіталь Берасьця.
XS
SM
MD
LG