Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 жніўня Ларысе Геніюш споўнілася б дзевяноста шэсьць гадоў (фота)


Міхась Скобла, Менск 9 жніўня споўнілася б дзевяноста шэсьць гадоў Ларысе Геніюш. Вярнуўшыся з савецкага лягеру ў 1956-м, яна да апошніх сваіх дзён, да 1983 году, жыла ў Зэльве. З таго часу ў мясцовых уладаў стаўленьне да славутай зямлячкі не аднойчы зьмянялася: то пачыналі ёю ганарыцца, то ізноў стараліся забыць.

На свае дні народзінаў Ларыса Геніюш чакала гасьцей з усіх валасьцей. Гэта была нагода сустрэцца з былымі сябрамі-лягернікамі, абмеркаваць культурныя ды палітычныя навіны. Згадвае паэтка Данута Бічэль:

(Бічэль: ) “Калі юбілеі былі, яна спэцыяльна рыхтавалася: ёй нехта лавіў рыбу, нехта дапамагаў назьбіраць баравікоў. І сьвята праходзіла вельмі ўрачыста. Са сваіх дзён народзінаў яна рабіла зьезды беларускай інтэлігенцыі. І сапраўды, уся беларуская эліта зьяжджалася да яе на сьвяты. У Зэльву прыяжджалі Адам Мальдзіс, Аляксей Пяткевіч, Мікола Прашковіч, Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Вольга Церашчатава са сваёй камандай з Акадэміі навук”.

Многія госьці Ларысы Геніюш да гэтай пары прыгадваюць яе незвычайную гасьціннасьць, памятаюць смак прыгатаванага ёю нацыянальнага напою – крупніку.

(Бічэль: ) “Крупнік, у яе, вядома ж быў. Настоены на мёдзе. Сьпірт, мёд і розныя зёлкі, якія робяць водар. І весела было. І размовы былі самыя сур’ёзныя, нібыта й не на застольлі. Гаварылі пра Беларусь, пра незалежнасьць Краю, пра тое, як мы будзем будаваць гэтую незалежнасьць”.

Штогод 9 жніўня ў зэльвенскай Траецкай царкве адбываліся памінальныя службы па Ларысе Геніюш. Зазвычай дзясяткі людзей сьпяшалі ў гэты дзень у Зэльву з розных куткоў Беларусі, каб паставіць сьвечку памяці ў храме, у якім малілася сама паэтка. Істотна, што памятныя набажэнствы спраўляліся, як правіла, па-беларуску. Дзеля гэтага нават прыяжджалі беларускамоўныя сьвятары з Горадні. Аднак сёлета службы ня будзе. Чаму? Спадар, у якога я пра гэта спытаўся, папрасіў не называць ягонага прозьвішча.

(Спадар: ) “Служба не адбудзецца таму, што, нягледзячы на ўсе намаганьні вернікаў, прызначаны новы сьвятар. Нават Філярэту пісалі, прасілі пакінуць ранейшага – айца Аляксандра. На жаль, да голасу вернікаў царкоўнае кіраўніцтва не прыслухалася. Цяперашні бацюшка прымушае вернікаў сьпяваць “многая лета” старшыні райвыканкаму, дыфірамбы “расейскаму воінству”. Ніводнага беларускага слова ў царкве я цяпер ня чую. Царква стала палітызаванай”.

Не грамадзянка БССР Ларыса Геніюш па іроніі лёсу жыла ў Зэльве на вуліцы Савецкай. Яшчэ ў 2000 годзе, калі ў Зэльве адзначалася 90-годзьдзе Геніюш, на адрас зэльвенскіх уладаў быў накіраваны адкрыты ліст са шматлікімі подпісамі жыхароў Зэльвы з просьбай надаць вуліцы Савецкай, дзе стаіць дом паэткі, імя Ларысы Геніюш. Афіцыйнага адказу райвыканкам так і ня даў. Чаму грамадзкая ініцыятыва не знайшла падтрымкі – тлумачыць намесьніца старшыні Зэльвенскага райвыканкаму Алена Коўш:

(Коўш: ) “Мы тады, як прынята, зрабілі апытаньне насельніцтва. Потым абмеркавалі гэтае пытаньне ў працоўных калектывах падчас інфармацыйных дзён і на сходзе кіраўнікоў арганізацый, разьмешчаных на Савецкай. Ім жа блянкі й пячаткі давялося б мяняць. На Савецкай вуліцы знаходзіцца таксама інтэрнат – людзі праблему з прапіскай мелі б. І ўсе неяк аднесьліся так, каб не зьмяняць назвы вуліцы”.

Два гады таму на цьвінтары зэльвенскай царквы з дабраславеньня Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Ўладыкі Філярэта ўсталяваны помнік Ларысе Геніюш. Ён неаднойчы аказваўся пад пагрозай зносу, бо ўстаноўка яго не была санкцыянавана ўладай, дый сёньня тэрыторыя навокал не ўпарадкавана.

Пра далейшы лёс помніка я запытаўся ў загадчыцы аддзелу культуры Зэльвенскага райвыканкаму Галіны Раманчук.

(Раманчук: ) “Разбурана там усё таму, што ідзе аднаўленьне царкоўнай агароджы. Так што добраўпарадкаваньне вядзецца. Страсьці вакол помніка ўлегліся. Усё спакойна. Больш пытаньняў наконт помніка ніякіх не было”.

Я пацікавіўся ў спадарыні Раманчук: ці чытала яна творы Ларысы Геніюш і якія мае ўражаньні як чытачка?

(Раманчук: ) “Скажу вам шчыра: творы Ларысы Геніюш я чытала, і мне яны падабаюцца. Мне вельмі крыўдна, што вакол імя нашай вядомай зямлячкі гэткая незразумелая сытуацыя склалася... А ў нашых бібліятэках ёсьць усе кнігі Геніюш, і вялікі матэрыял сабраны пра яе”.

Ушанаваньне памяці Ларысы Геніюш адбудзецца ў Зэльве 12 жніўня а 12-й гадзіне каля помніка паэтцы на цьвінтары Траецкай царквы.


Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве. Скульптар Міхась Інькоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG