Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца візыт іранскай урадавай дэлегацыі ў Беларусь


Алесь Дашчынскі, Менск У Менску знаходзіцца прадстаўнічая дэлегацыя міністэрства прамысловасьці і руднікоў Ірану на чале з міністрам Алірэзай Тахмасебі. Падчас перамоваў, між іншым, абмяркоўваюцца пытаньні супрацоўніцтва ў галіне аўтамабілебудаваньня. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў заявіў, што ў палітычнай сфэры абедзьве краіны ня маюць супярэчнасьцяў. Сёньня іранцы наведаюць шэраг беларускіх прадпрыемстваў, а заўтра возьмуць удзел ў афіцыйным адкрыцьці зборачнай вытворчасьці аўтамабіляў “Саманд” у пасёлку Абчак.

Гады два таму ў Іране была адчынена зборачная вытворчасьць беларускіх “МАЗаў”. Сёлета плянуецца выхад на яе праектную магутнасьць – 500 аўтамабіляў у год. “МАЗ” дасылае ў Іран паўзборны машынакамплект. Аднак, паводле прадстаўніка прэсавай службы аўтазаводу Сяргея Іўлева, вялікай тамтэйшай лякалізацыі пакуль не плянуецца.

(Іўлеў: ) “Адвёртачная” зборка так званая. Яны зьбіраюць нашу машыну. Яны прайшлі навучаньне ў нас. Сэрвіс робіць наша кампанія спэцыяльная. Так што рынак – рынкам, а палітыка – палітыкай. Рынак вельмі цікавы. І губляць гэты рынак – гэта проста вар’яцтва”.

У перамовах у Менску бярэ ўдзел іранская кампанія "Iran Khodru", якая мае пагадненьне з прадпрыемствам “Юнісон” аб выпуску ў Беларусі іранскіх легкавых аўтамабіляў "Саманд". Падчас візыту адбудзецца афіцыйнае адкрыцьцё гэтай зборачнай вытворчасьці ў пасёлку Абчак, дзе раней спрабаваў наладзіць вытворчасьць “Форд”. Ужо сёлета "Юнісон" плянуе сабраць каля тысячы іранскіх аўтамабіляў, кошт якіх будзе дасягаць амаль 13 тысячаў даляраў.

Прадстаўнік упраўленьня зьнешнеэканамічных сувязяў міністэрства прамысловасьці Мікалай Старадынаў заявіў, што таваразварот з Іранам разьвіваецца даволі пасьпяхова. Але ці зважае беларускі бок на палітычны аспэкт у стасунках з Іранам? Ці могуць перашкодзіць супрацоўніцтву магчымыя санкцыі адносна Ірану?

(Старадынаў: ) “Мы не займаемся пытаньнямі, якія тычацца праблематыкі мірнага атаму. Супрацоўніцтва не выходзіць за рамкі міжнародных дамоўленасьцяў. Калі будуць санкцыі нейкія прымяняцца, то Беларусь, як сябра ААН, будзе іх захоўваць. Але я ня думаю, што яны закрануць накірункі, дзе гэтая грамадзянская прамысловасьць”.

Нагадаем, у мэдыях гучалі засьцярогі, што беларускі бок можа выступіць пасярэднікам у пастаўках Ірану расейскіх зэнітна-ракетных комплексаў С-300. Аднак абодва бакі гэта аспрэчвалі. Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, абраны фармат эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі й Ірану сьведчыць аб тым, што бакі нешта нібы хаваюць за пазухай.

(Раманчук: ) “Яны хацелі б легалізаваць кантакты паміж нашымі краінамі, каб пад гэтым прыкрыцьцём можна было гандляваць нечым іншым. Гэта, мабыць, зброя. Гэта гіпатэтычна можа быць, сыходзячы з таго, што прадукуе Беларусь, якія кантакты яна мае з ваенным комплексам Расеі. Калі мы глядзім на рэпутацыю Ірану на міжнароднай арэне, калі мы чуем, што спадар Лукашэнка сказаў пра неабходнасьць нармалізацыі стасункаў з Захадам, то нармалізацыя стасункаў празь Іран, гэта, безумоўна, як ісьці да Парыжу праз Уладзівасток”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG