Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Прапаную арганізаваць збор сродкаў на незалежны тэлеканал"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за чацьвер, 10 жніўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Ільля, Капыль: ) “Добры дзень, шаноўная “Свабода”! Падкажыце, калі ласка, дзе набыць кнігу Сяргея Навумчыка “Сем гадоў беларускага Адраджэньня”. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Паважаная “Свабода”! Ці не маглі б вы прыцягнуць адпаведных палітолягаў і гісторыкаў, каб падрыхтаваць перадачу пра рэфэрэндумы ў краінах з дыктатарскімі рэжымамі. То бок, дыктатары выкарыстоўваюць рэфэрэндумы як інструмэнт маніпуляваньня грамадзкай думкай. Вядома, што вялікім прыхільнікам рэфэрэндумаў быў Гітлер, з тых, хто жыве цяпер, Чавэс і наш усенародна абраны. Падрыхтуйце, калі ласка, гэтую перадачу. Загадзя вам удзячны”.

(Ларыса, пэнсіянэрка зь Менску: ) “Праслухала перадачу пра шчасьце для беларуса. Што такое шчасьце для чалавека? Шчасьце, увогуле, для кожнага чалавека асабістае. На тое, што для аднаго шчасьце, другі будзе глядзець інакш. Як чалавек, які пражыў даволі доўга, магу адказаць на гэта пытаньне. Галоўнае, калі ты здаровы. Гэта ўжо шчасьце. Па-другое, калі ты маеш працу, якая прыносіць задавальненьне, калі ты маеш прафэсію. Я, у гэтым сэнсе, была шчасьлівая, бо рэалізавалася як інжынэр. Па-трэцяе, трэба яшчэ рэалізавацца як маці. Гэта ў мяне таксама адбылося: маю двух сыноў. Так што ў адпаведны пэрыяд жыцьця я адчувала сябе шчасьлівым чалавекам. Мне пашанцавала. Цяпер, гледзячы на маладых, бачу, што многія незадаволеныя, бо ня могуць атрымаць добрую прафэсію, таму ня могуць рэалізавацца ў гэтым сэнсе і лічаць, што мала атрымліваюць грошай. Заробкі малыя, а патрэбы вялікія, таму вельмі складана мець сям’ю і дзяцей. Таму ў кожны пэрыяд жыцьця шчасьце рознае. Сваім дзецям і ўнукам раю з большым гумарам глядзець на абставіны свайго жыцьця”.

(Спадарыня з Магілёву: ) “Галадоўка Любы Разановіч не прайшла дарма. Яна даказала, што ёсьць у Беларусі жанчыны, здольныя на вельмі цяжкі фізычны, на мужны маральны ўчынак. Больш месяца яна галадала, восем дзён зь якога галадоўка была сухой. Душа яе крычала пра тую несправядлівасьць, якая прымусіла яе пайсьці на жахлівую акцыю. І сёньня, калі я чула яе голас з бальніцы, душа яе ўжо не крычала, а плакала ад той крыўды, віной якой мясцовыя ўлады. Бязьмежнае маё абурэньне, калі нехта зь мясцовай улады падчас наведваньня галадоўнікаў спытаў Любу, як яна сябе адчувае. Які цынізм! Не павінны такія нелюдзі знаходзіцца ва ўладзе. Прашу мэдыцынскіх работнікаў бальніцы зрабіць усё магчымае, каб паставіць Любу на ногі. Гэтая мужная жанчына павінна ачуняць. Ад усёй душы жадаю табе, Любачка, здароўя”.

(Спадар: ) “Пачуў па Радыё Свабода пра дапамогу Эўразьвязу з арганізацыяй свабоднага спадарожнікавага тэлеканалу на беларускай мове для беларусаў. Ня верыцца, што гэта здарыцца. Ці дажыву да гэтага? Але ж прапаную арганізаваць збор сродкаў на незалежны тэлеканал і даць магчымасьць усім хаўрусьнікам дыктатара выступаць у дыскусіях, “круглых сталах” і гэтак далей у процівагу ўсім тэлеканалам дыктатара, існуючым на нашыя сродкі з падаткаў, недаплаты з заробкаў і гэтак далей. Але ж, наконт сродкаў. Прапаную адкрыць рахунак у адным з банкаў і пераводзіць грошы на спадарожнікавы тэлеканал і інфармаваць пра гэты рахунак па Радыё Свабода. Упэўнены, што мы вельмі хутка зьбяром сродкі, і няхай ён дзейнічае на тэрыторыі Літвы ці Польшчы, таму што хаўрусьнікі дыктатара не дадуць яму працаваць на тэрыторыі Беларусі. Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне шаноўная “Свабода”! Я хачу вам сказаць, што ў нас у Беларусі ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё жахлівейшае. Так як застаўся Лукашэнка цяпер, то яны яшчэ больш на чалавека ціснуць і катуюць. Покуль будзе Лукашэнка, дабра ня будзе. Ён толькі так кажа, што будзе рабіць дабро... Не. Гэта ён усё робіць, каб чалавеку было блага. Дзякую за ўвагу”.

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўнае спадарства Радыё Свабоды, добры дзень! На пытаньне тыдня што можна сказаць? Улада разам з галоўным начальнікам Беларусі ўмешваецца ў прыватнае жыцьцё рэгулярна. Прыклад. Разановіч зь Берасьця. Жанчыну давялі да сухой галадоўкі. На вялікі жаль, яе здароўе вельмі моцна пахіснулася. Суд над юнакамі, якія спрабавалі арганізаваць незалежнае назіраньне за выбарамі, вядзецца ў закрытым рэжыме. Тэрміны даюць больш, чым сапраўдным бандытам. Пытаньне: чаго ўлада баіцца? Яна ведае, што сумленна выбары выйграць немагчыма. Я гэтыя 12 гадоў не магу глядзець тэлевізію, бо акрамя хлусьні там нічога няма. Незалежныя газэты практычна зачыненыя. Затое “Беларускі час” самі выпісваюць, толькі чытай. Але ніхто іх не прасіў. І так на кожным кроку. Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! Карэспандэнты Радыё Свабоды на вуліцах Менску правялі апытаньне на тэму “Беларуская тэлевізія зьяўляецца сродкам прапаганды ці сродкам інфармацыі?” Мэтай яго, канечне, было паказаць, што беларуская тэлевізія зьяўляецца сродкам прапаганды і што гэта дрэнна. А давайце зададзім рытарычнае пытаньне: а што, Кангрэс Злучаных Штатаў Амэрыкі выдзяляе грошы беларускаму Радыё Свабода для таго, каб яно нам расказвала пра хараство сьвету? Не, беларускае Радыё Свабода зьяўляецца рупарам апазыцыі, якая кажа, што ўсё, што робіць урад Беларусі, гэта дрэнна, а ўсё, што прапануе беларуская апазыцыя, гэта добра. Што гэта? Ці не прапаганда ідэяў беларускай апазыцыі? Таму ў галаву прыходзіць добрая прымаўка: “Чем кумушек судить-редиться, не лучше ль на себя, кума, оборотиться?” Дзякуй”.

(Спадар: ) “Прабачце, колькі абсурду, колькі дзікасьці ў тым, што Аляксандр Рыгоравіч заяўляе пра тое, што, чаго б гэта не каштавала, трэба навесьці парадкі ў лясной гаспадарцы, бо прыватнік часам, сапраўды, лепей працуе, бо больш чыста ўсе зразае на карню ў параўнаньні зь дзяржаўным вытворцам. Дык ён жа яшчэ зусім нядаўна казаў, што прыватнікі, ці прадпрымальнікі, – гэта “вашывыя блохі”. што іх трэба ўціскаць, перашкаджаць іх працы. Цяпер жа ён кажа адваротнае. Дзякуючы яму ў нас вельмі неразьвітая прыватная маёмасьць, сярэдняга клясу практычна няма, не існуе. Ці што гэта за дзікасьць, што сябры “Партнэрства” сядзяць, асуджаныя… За што? Гэта вельмі дзіка! Проста не зразумець нашых людзей. Надоечы размаўляў зь людзьмі наконт таго, што сядзіць Казулін, што такія справы адбываюцца ў Беларусі, але рэакцыя зь іх боку практычна нулявая: “Ну, і што?”

“На сустрэчы з замежнымі кіраўнікамі Лукашэнка вылучыў такія напрамкі, як супрацоўніцтва і глябальнае збліжэньне з Захадам. Гэта ж сьмешна, гэта ж абсурдна! Гэта па-першае. Па-другое. Ён, быццам, сказаў, што тавараабарот з Захадам і Расеяй ураўноўваецца, нават з Захадам тавараабарот робіцца болей. Што гэта ён робіць, усё аддаляючы Беларусь ад цывілізаванага сьвету?! Гаворыць адно, а робіць зусім іншае. Па трэцяе, мне вельмі цікавы пункт гледжаньня нашых лідэраў: Вінцука Вячоркі, Аляксандра Мілінкевіча –вельмі паважаю яго, вельмі спрыяльны чалавек – наконт маючых адбыцца выбараў у мясцовыя саветы. Няхай хто-небудзь зь іх, няхай Аляксандр Мілінкевіч выступіць у суботу ці нядзелю. Я буду слухаць вельмі ўважліва. Я хачу паслухаць гэтага паважанага чалавека, вельмі разумнага, Аляксандра Мілінкевіча, адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на пост прэзыдэнта. Мне здаецца, што менавіта ў наш час, калі кодэкс законаў аб выбарах не спрыяе гэтаму, ён жа не дапаўняецца, не пераглядаецца. І, натуральна, па гэтым кодэксу праводзіць выбары беспэрспэктыўна. Вось мне вельмі цікава выслухаць пункт гледжаньня вельмі разумнага чалавека, як яны мяркуюць удасканаліць свае сілы і сілы актывістаў дэмакратычных пераменаў, то бок удзельнічаць у гэтай PR-кампаніі беспэрспэктыўна, дык чым яны будуць займацца, бо нашыя людзі ня хочуць прачынацца. Ня хочуць. Вось у шапіках прадаюцца “Свабодныя навіны +,” “Беларуская газэта,” “Беларусы і рынак”…”
XS
SM
MD
LG