Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманая вялікая партыя кантрабандных цыгарэт з Беларусі


Алена Струвэ, Менск У выніку мытнага кантролю на польска-нямецкай мяжы ля Франкфурта-на-Одэры быў затрыманы беларускі грузавы транспарт. У машынах знойдзеная вялікая партыя кантрабандных тытунёвых вырабаў.

Пакуль прадстаўнікі прэсавай службы мытнага ведамства Нямеччыны не падаюць шмат дэталяў. Вядома, што беларускія кіроўцы прадставілі мытнікам дакумэнтацыю на правоз макаронаў. Груз з картоннымі скрынямі, на якіх былі напісаныя слова “спагеці” і “паста”, накіроўваўся ў Бельгію. У часе дагляду ў скрынях знойдзеныя 17 тысячаў незадэкляраваных блёкаў цыгарэтаў альбо, калі ў штуках, 3,3 мільёны. Паводле самых грубых падлікаў, кошт нелегальнага тавару ацэньваецца ў 250 тысячаў эўра. Гэта самая найвялікшая за сёлета партыя кантрабанды, затрыманай на польска-нямецкай мяжы.

Паходжаньне кантрабандных цыгарэтаў вывучаецца. З аднаго боку, гэта можа быць цалкам падробная прадукцыя. З пашырэньнем ЭЗ у памежных краінах сталі зьяўляцца падпольныя тытунёвыя вытворчасьці. Якасьць фальшывых цыгарэтаў вельмі нізкая.

Другі варыянт, калі канкрэтная беларуская кантрабанда была набытая ва ўсходнеэўрапейскіх ліцэнзійных вытворцаў. Паводле інфармацыі, якую сьледчыя ЭЗ атрымліваюць з Польшчы, апошнім часам цыгарэтная мафія ў гэтых мэтах арэндуе вялікія памяшканьні на беларуска-польскай мяжы. Мільёны няўлічаных ліцэнзійных цыгарэтаў звычайна трапляюць сюды зь Літвы, а потым накіроўваюцца на Захад.

Менавіта ў Літве, а таксама ў Швайцарыі, Расеі ды на Кіпры, паведамляе нямецкая прэса, пражываюць галоўныя фінансісты крымінальнага цыгарэтнага бізнэсу. Пастаўкамі й нелегальным гандлем займаюцца пераважна грамадзяне Расеі, Беларусі, Літвы, Польшчы, Нямеччыны, Вугоршчыны.

Як сьведчаць прадстаўнікі мытнага ведамства Нямеччыны (менавіта гэтую краіну ў зьвязку з пашырэньнем ЭЗ накрыла найвялікшая хваля кантрабандных цыгарэтаў), “барацьба за цыгарэтны рынак абяцае быць жорсткай”. Паставіць заслону на шляху найбольш прыбытковага крымінальнага бізнэсу можа толькі шчыльнае супрацоўніцтва мытных службаў самых розных краінаў. Аднак, паводле нямецкіх мытнікаў, не заўсёды лёгка дастукацца ў тыя ж беларускія ведамствы.

Што да Мытнага камітэту Беларусі, то там вельмі здзівіліся нашаму тэлефанаваньню.

(Мытнік: ) "У нас няма інфармацыі пра гэтае здарэньне, паколькі гэта ня наша мяжа."

На пытаньне, ці існуе нейкае супрацоўніцтва ў барацьбе супраць цыгарэтнай кантрабанды паміж мытнікамі Беларусі і іхнымі калегамі ў ЭЗ, супрацоўніца прэсавай службы адказала:

(Супрацоўніца: ) "Супрацоўніцтва нейкае вядзецца, аднак, шчыра кажучы я ня ў курсе. Я ня надта ведаю, што там адбылося ".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG