Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГі беларускага Інтэрнэту


Севярын Квяткоўскі, Менск Праблемы адукацыі, візыт Уга Чавэса ў Беларусь, уражаньні ад адпачынку на вёсцы ды іншае

На форумах парталу “Tut.by” абмяркоўваюць, прапанову Нацыянальнага інстытуту адукацыі, каб бацькі куплялі дзецям падручнікі за поўны кошт. Карыстальніца Марго піша: “За ТАКІЯ падручнікі і палова кошту зашмат: гэта не падручнікі, а жах!!! Да прыкладу, малодшы сын вучыў фізыку па падручніку, па якім у свой час вучыўся старэйшы сын. Законы прыроды ніхто не адмяняў, але новы падручнік напісаны такой грувасткай мовай, што я, чалавек з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй, не заўжды разумела, што аўтары хочуць сказаць! І гэта датычыць амаль усіх падручнікаў. З такім рэфармаваньнем неўзабаве зьявіцца і новая беларуская табліца множаньня”.

На сайце сатырычных каляжаў “Беларуская жаба” па-мастацку ўвасобілі адзін нюанс нядаўняга візыту ў Беларусь вэнэсуэльскага прэзыдэнта Уга Чавэса. На сайце зьмешчаны лацінаамэрыканскі лідэр, які выступае на трыбуне ў касьцюме пры гальштуку ў бел-чырвона-белых пасачках. Калі перакласьці з размоўнай лексыкі на літаратурную мову фразу, якую аўтары каляжу ўклалі ў вусны Уга Чавэса, яна будзе гучаць так: “Вы, Аляксандар Рыгоравіч, не нэрвуйцеся – я гэты гальштук сам выбіраў”.

Перакладчыца Марыйка Мартысевіч у сваім інтэрнэт-дзёньніку дзеліцца ўражаньнямі ад тыдня адпачынку на вёсцы: “Тыдзень адрыву ад цывілізацыі, тыдзень гармоніі з прыродай і пастаральным пэйзажам? Як я прабавіла гэты тыдзень? Цягам гэтага тыдня: - зьела пакет семак; - схадзіла на курс масажа; - тройчы злазіла ў інтэрнэт; - зьняла грошы з банкаўскай карткі; - прагледзела сваю гадавую норму тэлевізара і прачытала месяцавую норму газэтаў; У прыватнасьці, я: - даведалася з наяўнай у бабулі прэсы, што Натальля Падольская ў дзяцінстве душыла куранятак рукамі, Руслан Аляхно абраў школьніцу на "вячэру са зьвяздой", таму што яна адзіная напісала ліст па-беларуску, а маскоўкі рэпэр Цімаці ўпэўнена вядзе за сабой увесь гіп-хоп саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусіі. Яго музыка - музыка вуліц.

На турыстычным партале “Айда!” можна прачытаць уражаньні турыстаў ад паездкі ў Беларусь. Водгукаў ня шмат, і ў асноўным ад жыхароў Расеі. “Сьпісалася ў чаце зь беларускай, і вырашыла правесьці тыдзень у Менску”, “сяброўка параіла”… Ніхто з наведнікаў сайту не абіраў паездкі ў Беларусь праз турфірму.

Усе расейцы зь вялікіх гарадоў радуюцца чысьціні Менску, усе адзначаюць, што апынаюцца на 20 гадоў ў мінулым. Але ставяцца да гэтага ўражаньня па-рознаму. Адныя радуюцца, маўляў, вярнуліся ў дзяцінства, іншыя кажуць пра адчуваньне сюру. “Раніцай у суботу на вуліцах Менску нешматлюдна, а тыя грамадзяне, якіх мы ўсёт-кі сустракаем, не “трашчаць” дзелавіта па мабільніках, і не напружваюць лобік спрабуючы прадэманстраваць усяленскую заклапочанасьць”, – піша наведніца сайту Алена.

Іншую Алену сьмяшыць беларуская мова на шыльдах і цэтліках: “Ну, а як жа ж, самі мяркуйце: “каўбаса”, “цырульня”, а адна шыльда мяне проста забіла "Іў Раша. Парыж". Так што сумна ня будзе, і ёсьць чаму ўсьміхнуцца”.

А вось малады немец па імені Алекс адзначае: “Турызм яшчэ разьвіты слаба. На жаль, ня ўсе прыкметнасьці дзяржава хоча рэканструяваць… за ўвесь час ў Беларусі я някепска вывучыў яе гісторыю. Выснова адна – беларусы – не расейцы, і ніколі імі не былі”.

А на сайце “Дзецям пра войска” зьявіўся кліп зь песьняй – “Армія патрэбная” у выкананьні Кірыла Слукі/

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі . Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG