Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Гомельшчыне ўлады ціснуць на актывістаў ПКБ


Радыё Свабода Уладныя структуры Гомельскай вобласьці пасьля так званага аб`яднаўчага зьезду Кампартыі і Партыі камуністаў Беларускай працягваюць перасьледаваць структуры апазыцыйныя камуністаў.

Адзін з самых распаўсюджаных мэтадаў – гэта ўціск на актывістаў, якія маюць працу на дзяржаўных прадпрыемствах і абраны ў арганізацыйныя структуры ПКБ – камітэты, рэвізійныя камісіі. Пад пагрозаю звальненьня іх першых вымушаюць пісаць заявы пра выхад з ПКБ

Распавядае нядаўні сябар ПКБ са Жлобіну, які не пажадаў называць свайго імя:

(Сябар ПКБ: ) “Паклікалі ў райвыканкам, пагаварылі. Я патлумачыў. Сказалі: напішы пісьмова. Я напісаў заяву, што цяпер не зьяўляюся чальцом партыі”,- сказаў нядаўні сябар ПКБ са Жлобіну.

Расповед дапаўняе першы сакратар абкаму ПКБ Уладзімер Сякерка:

(Сякерка: ) “Так званая аб`яднаўчая авантура правалілася. Каб абяскровіць партыю, выбіць зь яе шэрагаў актыўных чальцоў, ідзе ўціск па ўсіх накірунках. У прыватнасьці, на Беларускім мэталюргічным заводзе, выкарыстаўшы адміністрацыйны ўціск, двух чалавек літаральна вымусілі напісаць заявы пра выхад з партыі. У Буда-Кашалёўскім раёне з сакратаром райкама, які працуе дырэктарам школы, прапанавалі спыніць кантракт з 31 жніўня”.

Паводле спадара Сякеркі, абласную арганізацыю ПКБ зараз правяраюць падаткоўцы, рэгіянальная ўправа юстыцыі.

У Савецкім раёне абласнога цэнтру прадстаўнікі адміністрацыі наведваюць чальцоў ПКБ, якія жывуць у прыватных дамах, і настойліва раяць ім адмовіцца ад прадастаўленьня юрыдычнай адрэсы партыйным арганізацыям ПКБ. Няма адрэсы - партыйная структура адразу ж скасоўваецца.

Аднак кіраўнікі выканаўчых структураў адмаўляюць любы ўціск на актывістаў апазыцыйнай партыі. Вось што, у прыватнасьці, кажа старшыня Буда-Кашалёўскага райвыканкаму Мікалай Чарныш:

(Чарныш:) “Я нават вітаю разнаполюснасьць меркаваньняў. Ведаеце чаму? Лягчэй знайсьці правільнае рашэньне! Іншае мяне хвалюе. Калі ёсьць партыя, хацелася б, каб бачна была іхняя праца, бачна рэалізацыя палітычных дэклярацыяў, якія запісаны ў статуце”, - кажа кіраўнік Буда-Кашалёўскага райвыканкаму Мікалай Чарныш.

Між тым, менавіта ў гэтым раёне паводле ініцыятывы аддзелу адукацыі райвыканкаму з канца жніўня спыняецца кантракт з дырэктарам Шырокаўскай сярэдняй школы, сакратаром райкаму ПКБ Мікалаем Халамеевым. 16 гадоў ён працаваў дырэктарам. Кантракт скончыўся, і цяпер 57-гадоваму спадару Халамееву прапанавалі працаваць настаўнікам.
XS
SM
MD
LG