Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Радыё Швэцыя"


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Прайдзіся нядзельным ранкам 1970 году па вуліцы і абавязкова пачуеш з расчыненай форткі поклічы "Радыё Швэцыя". У нядзелю можна было паляжаць лішнюю гадзінку ў пасьцелі, толькі нам, маладзёнам, не ляжалася. Бо ў гэты час згаданае радыё перадавала музычную праграму.

Швэцыі не глушылі, да таго ж якасьць трансьляцыі была даволі добрая, і мы падключалі да прымача магнітафоны, каб запісаць “бітлоў”, “ролінгаў” ці “крыдэнсаў”, то бок папулярны на той час амэрыканскі гурт "Creedence Clearwater Revival".

Мадэратарамі музычных праграмаў былі Ульф Цэдэніюс і Тамара Юхансан. Тамара мела прыемны голас, і мае сябры, слухаючы замежную дыктарку, уголас ёю захапляліся. У дыктаркі, што праўда, была парушаная дыхальная маторыка, але гэта толькі надавала ёй флёру.

Швэды круцілі музыку па заяўках. Прычым называлі толькі імя замоўцы і горад, зь якога надасланы ліст. “Для вас, Лінда з эстонскага гораду Кохтла-Ярвэ, перадаем песьню "Venus" гурту "The Shocking Blue”, – прамаўляла Тамара Юхансан, і гэтай хвіляй сотні аматараў біт-музыкі націскалі клявішы сваіх “Дайнаў” ды “Вільмаў” – тадышніх дапатопных магнітафонаў.

Імя эстонкі Лінды гучала ў кожнай музычнай праграме. Гэтая самая Лінда і падбіла мяне напісаць на "Радыё Швэцыя". У першым лісьце замаўляў, памятаю, "I Put A Spell On You" памянёных “крыдэнсаў”. А неўзабаве хлопец з паралельнае клясы пацікавіўся, ці не пісаў я на заходняе радыё. Па ягоных зьвестках, некалькіх хлопцаў з Наваполацку і суседняй Баравухі цягалі з гэтай нагоды ў КГБ.

Гэта мяне, аднак, не спыніла. Напісаў яшчэ пару лістоў на адрас: Stockholm box 105-10 Radio Sweden. А неўзабаве вывесіў на школьнай дошцы аб’яваў расклад музычных перадачаў заходніх радыёстанцыяў. Сярод іх былі "Радыё Швэцыя", "Голас Амэрыкі" і "Свабодная Эўропа" для Румыніі – там заўсёды круцілі "Beatles". Была восень 70-га году, і такія рэчы маглі кепска скончыцца. На шчасьце, гэтым разам усё абышлося: паперка трапіла да дырэктара школы, і ён, азірнуўшыся на бокі, падзер яе на дробныя кавалкі.

Нядаўна сябрук знайшоў недзе старыя магнітафонныя запісы і запрасіў паслухаць. На пажаванай стужцы спачатку нічога не было чуваць, нарэшце штосьці бомкнула і загучала да болю знаёмая музычная застаўка. І сябар, кіўнуўшы галавой, з настальгічнай усьмешкай прамовіў: “Музычная праграма "Радыё Швэцыя”.
XS
SM
MD
LG