Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ларыса Геніюш


Уладзімер Арлоў, Менск 9.8.1910, хутар Жлобаўцы (цяпер Ваўкавыскі раён) — 7.4.1983, Зэльва

Яна — сярод тых нямногіх людзей, безь якіх я ня стаў бы самім сабою. Скажу нават болей: я — вядома, з разуменьнем усёй пралеглай паміж намі бездані гадоў і жыцьцёвага досьведу — быў закаханы ў яе.

Яшчэ й цяпер калі-небудзь у зімовую раніцу, на хісткай мяжы явы й сну, магу ўсьцешана падумаць: перад Калядамі паеду да Бабулі. Так мы называлі яе міжсобку ў размовах і лістах з аглядкаю на “товарища майора”. Зрэшты, мяркую, што нашыя куратары з “ворганаў” цудоўна ведалі: Бабуля — гэта Ларыса Антонаўна Геніюш.

Тады, у задушлівыя 70-я, кожная паездка з майго Полацку ў яе Зэльву, дзе нязломная грамадзянка БНР жыла пасьля лягернага пекла ў сваёй абторканай мікрафонамі хаце, была прыступкаю ўзыходжаньня — да сябе, да Беларусі, да Свабоды.

Гаворкі далёка за поўнач, у якіх адкрываўся яе толькі напачатку бясхмарна-шчасьлівы, а потым бясконца пакутніцкі змагарны шлях...

Вершы, якія сьціскалі сэрца й будзілі розум:

Воля — ня тое, што рукі разьвяжуць, зьменяць на большую клетку малую. Воля — ня тое, што вольны ты, скажуць. Воля — то воля, якую адчую...

Крамольныя кнігі, якія мы прывозілі й таемна памнажалі на дапатопнай капіявальнай машыне...

Старонкі ўспамінаў, якія выйдуць у 1993-м пад назваю “Споведзь” і апякуць усе жывыя беларускія душы...

Сьцёртыя з памяці, забароненыя імёны: Васіль Захарка, Кастусь Езавітаў, Натальля Арсеньнева...

Яе першы, выдадзены ў 1942-м, паэтычны зборнік “Ад родных ніў”, пасьля якога аўтарка мусіла пазнаёміцца з гестапа, бо не напісала ні радка пра “вялікага фюрэра”...

Кніжка пабачыла сьвет у Празе, дзе Геніюшы — Ларыса і Янка, яе муж-мэдык — жылі ад другой паловы 30-х гадоў. Яна брала ўдзел у працы беларускага Ўраду на эміграцыі, а ў 1943-м стала Генэральным сакратаром Беларускай Народнай Рэспублікі, захаваўшы й пераправіўшы ў бясьпечнае месца найкаштоўнейшую частку яе архіву.

...У краіне незалежнай і дэмакратычнай разьвітаньне з адной з найталенавіцейшых яе паэтак сталася б днямі народнага смутку. У Беларусі гэтая журботная падзея ў красавіку 1983-га прамінула амаль непрыкметна. На пару дзясяткаў інтэлігентаў і былых сулягернікаў Ларысы Антонаўны, што прыехалі ў Зэльву зь Менску, Полацку, Горадні, прыпадала, відаць, разы ў два болей людзей у цывільным на чорных “волгах” з нумарамі ці ня ўсіх абласцей рэспублікі. Але як бы ні называлася ў іх гэтая апэрацыя, выканаць свой плян ейным кіраўнікам не ўдалося. Спробы змусіць людзей везьці труну й вялікі драўляны крыж на машыне былі марныя. Увесь няблізкі шлях да зэльвенскіх кладоў труну несьлі на руках. Сьледам ішла ўся Зэльва.

Над сьвежай магілай я чытаў напісаны на сьмерць паэткі верш Сержука Сокалава:

Пасьля нягод, чужыны, ператрусак, Пасьля таго, пра што маўчаць гады, Вы здолелі між іншых беларусак Застацца Беларускай назаўжды.

P.S. Месца для партрэту жанчыны, імя якой у тым шэрагу, што пачынаецца з Рагнеды і Эўфрасіньні, у адпаведным томе Беларускай Энцыкляпэдыі не знайшлося.
XS
SM
MD
LG