Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Міколы Астрэйкі й бацька Эніры Браніцкай мелі сёньня спатканьне з палітвязьнямі


Любоў Лунёва, Менск Адначасова стала вядома, што ў турме Эніра Браніцкая бачылася з Аляксандрам Казуліным – іх прывялі на сустрэчу са сваякамі ў адной групе. Вязьні пасьпелі абмяняцца знакамі падтрымкі.

Актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, якіх арыштавалі 21 лютага, судзілі праз два тыдні пасьля суду над Аляксандрам Казуліным. Экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта пакаралі пазбаўленьнем волі на пяць з паловай гадоў, абвінаваціўшы ў злосным хуліганстве й арганізацыі вулічнай акцыі, у часе якой, нібыта, адбываліся масавыя беспарадкі. За ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі зьняволілі на два гады Міколу Астрэйку, на год – Цімафея Дранчука, на 6 месяцаў – Эніру Браніцкую й Аляксандра Шалайку.

Паліна Астрэйка ўпершыню пасьля арышту мужа мела зь ім спатканьне. Бацькі Паліны й Міколы трывожыліся за цяжарную жанчыну, якой хутка нараджаць, і прапанавалі ёй замест дазволеных трох гадзінаў сустрэчы скарыстаць напалову менш. Але Паліна не пагадзілася.

(Паліна Астрэйка: ) “Мы пагаварылі пра ўбор для дачкі – пра такія жыцьцёвыя рэчы. Абмеркавалі, дзе мне лепш жыць, пакуль яго ня будзе, – ці з маімі, ці зь ягонымі бацькамі… Пра выбар калыскі гаварылі, пра тое, які будзе колер вачэй у нашай дачкі… Гэта рэчы, якія хвалююць цяпер мяне й яго. Мікола хвалюецца, што ня можа быць цяпер побач. Але супакойвае, што ўбачымся раней за той тэрмін, які вызначыў суд. Мы спадзяёмся”.

Жонка распавяла вязьню, як да будынку Цэнтральнага суду штодня прыходзілі дзясяткі людзей, як у дзень выраку на знак падтрымкі пад колы аўтазаку кідалі чырвоныя й белыя кветкі.

(Паліна Астрэйка: ) “Казала, што прыходзілі ягоныя сябры, нашы ліцэйскія сябры, выкладчыкі ліцэю, што, увогуле, было шмат людзей. Казала, як яны стаялі пад дажджом – нават міліцыянты зьдзіўляліся: “Што гэта за суд, калі людзі стаяць у любое надвор’е й так чакаюць?” Мікола прасіў падзякаваць усім за гэта. Гэта стала ім вялікай падтрымкай”.

Міколу Астрэйку й Цімафея Дранчука бліжэйшым часам перавядуць на Валадарку, дзе яны будуць знаходзіцца, пакуль адвакаты маюць абскарджваць прысуды ў вышэйшых інстанцыях. Потым зьняволеных перавядуць адбываць пакараньне ў калёніі агульнага рэжыму.

Маці Эніры расказала пра спатканьне з дачкой. Дзяўчына абурана жорсткімі прысудамі ейным сябрам. Яна ніяк не чакала выпадковай сустрэчы на Валадарцы з экс-кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным. Справа ў тым, што зьняволеных прыводзяць на спатканьне групамі з васьмі чалавек, а потым разьмяркоўваюць у розныя месцы. І сёньня Казулін з Браніцкай патрапілі ў адну “васьмёрку”.

Гаворыць Віялета Браніцкая:

(Браніцкая: ) “Казулін і мая дачка абмяняліся нейкімі вітальнымі знакамі, знакамі падтрымкі – размаўляць жа нельга… Мы з бацькамі зьняволеных хлопцаў сталі, як родныя. Цяпер Міколавай маме патрэбна наша падтрымка. Дачка перадавала прывітаньне менавіта ёй. Радасьць ад вызваленьня, натуральна, ня поўная, бо яна вельмі перажывае, што хлопцы застаюцца”.

Эніру Браніцкую й Аляксандра Шалайку вызваляць 21 жніўня. Нягледзячы на тое, што ім засталося сядзець крыху больш за тыдзень, Эніра сказала маці пра магчымы перавод яе адбываць рэшту пакаральнага тэрміну ў Жодзіна.
XS
SM
MD
LG