Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаўцаў, якія перакрылі чыгуначныя рэйкі, караць ня будуць


Севярын Квяткоўскі, Барысаў Сёньня скончыўся тэрмін, цягам якога транспартная міліцыя мусіла вызначыцца ў стаўленьні да падзеяў 6 жніўня, калі тры дзясяткі барысаўцаў амаль гадзіну перакрывалі чыгуначныя рэйкі. Жыхары Залінейнага раёну абураліся бязьдзейнасьцю ўладаў датычна ўзьніклай праблемы: раён пасьля кожнай моцнай залевы церпіць ад паводкі. Адносна ўдзельнікаў акцыі пратаколаў не складалі. А прадстаўнікі Барысаўскага выканкаму паабяцалі вырашыць пытаньне.

У транспартнай міліцыі пацьвердзілі, што справы супраць удзельнікаў стыхійнай акцыі пратэсту распачынаць ня будуць:

(Міліцыянт: ) “Адназначна магу сказаць, што заводзіць справу ня будзем”.

У самім Барысаве жыхароў Залінейнага раёну падтрымліваюць і спачуваюць ім:

(Уладзімер: ) “Мяркую, іх трэба не караць, а вітаць. Бо ня можа ў горадзе доўжыцца такая абуральная сытуацыя. Залінейны раён – страшнае месца, куды людзі ня хочуць перабірацца жыць. А нашыя барысаўскія ўлады нічога не зьбіраюцца рабіць. У нас усё карумпавана”.

(Алена: ) “Правільна зрабілі… Я мяркую, нашы ўлады ня здольныя выправіць сытуацыю. Патрэбны грошы, а ў мясцовым бюджэце няма такіх грошай”.

Залінейны раён паўстаў пасьля вайны як прыватная забудова на былым балоце. Адметнасьць мясцовасьці ў тым, што дамы стаяць ніжэй за ўзровень суседняй ракі Бярэзіны, і на сёньня дрэнажная сыстэма не дае рады. Людзі скардзяцца: асабліва цяжка зімой, калі адліга. Бо зямля зьмёрзлая, і талай вадзе няма куды сьцякаць. Бываюць сытуацыі, калі раніцай трэба высякаць у лёдзе дарогу ад дому.

Паглядзеўшы, чаго дамагліся пратэстоўцы, многія жыхары Залінейнага раёну цяпер настроены рашуча:

(Віктар: ) “Я абавязкова пайду наступны раз. Мяне абурае тая хлусьня, што паказваюць па тэлебачаньні. Ані слова не сказалі, што людзі перакрывалі дарогу, а толькі паказваюць, як усё добра і як нам дапамагаюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG