Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці ўмешваецца ўлада ў прыватнае жыцьцё грамадзянаў?


Міхал Карневіч, Скідаль, Гарадзеншчына Гэтае пытаньне наш карэспандэнт задаваў жыхарам Скідалю.

(Спадарыня: ) “У асабістае жыцьцё ня ўмешваецца. Адзінае не падабаецца – страшная валакіта зь пераафармленьнем жыльля. Хацелася б нейкіх зьменаў”.

(Спадар: ) “Ня ўмешваецца, ніяк ня ўмешваецца”.

(Спадар: ) “Я не люблю сваёй краіны. Бо ў нас такі прэзыдэнт…”

(Спадарыня: ) “Думаю, умешваецца – праз кошты. Я не заўсёды магу сабе дазволіць тое, што хачу”.

(Сталая спадарыня: ) “Дапамагаюць, ува ўсім дапамагаюць, жывём выдатна”.

(Сталая спадарыня: ) “Ня вельмі дапамагае дзяржава. Хацелася б, каб больш дапамагала”.

(Спадарыня: ) “Наша дзяржава толькі дапамагае”.

(Спадарыня: ) “Ніхто ў наша жыцьцё ня ўмешваецца. Пакрысе даюць пэнсію, без чаргі, своечасова – і ўсё добра”.

(Спадар: ) “Я інвалід ІІ групы й маю права на льготныя лекі. Лекі ёсьць, але замежныя. А на іх ільгот не даюць. Даводзіцца купляць за свае грошы, а пэнсія слабенькая”.

(Спадар: ) “Я на пэнсіі. Пэнсія прыйшла, атрымаў, сабраўся – і пайшоў. А больш на каго крыўдаваць? Няма на каго. Дзякуй прэзыдэнту”.

(Дзяўчына: ) “Асабіста нашай сям''і гэта не датычыць. Жывём самі, дапамагаюць бацькі. Выжываем…”

(Дзяўчына: ) “Ды ніяк яна ня ўмешваецца”.

(Хлопец: ) “Пастаянна, заўсёды, цягам усяго майго жыцьця. Да прыкладу, дзяржава мяне пазбаўляе выбару – выбіраць лепшыя тавары, лепшыя месцы адпачынку. Дзяржава ва ўсё гэта ўмешваецца й не дае мне магчымасьці працаваць, адпачываць ды шмат што іншае рабіць так, як я хачу”.

(Бабуля: ) “Чаму бацька ня плаціць алімэнтаў, калі дзецям спаўняецца 18 гадоў? Калі іх трое на руках, – як іх вывучыць? Дзяржава ў гэтым не дапамагае”.

(Спадарыня: ) “Кожны чалавек сам павінен адказваць за свае ўчынкі й сам будаваць сваё жыцьцё”.

(Спадар: ) “Ня чуў, каб дзяржава ўмешвалася. Але дапамогі ад яе ніякай…”

(Спадарыня: ) “Ды яна, быццам, ня ўмешваецца. Але чым дапамагае пэнсіянэру? Толькі ж гэта пэнсія”.
XS
SM
MD
LG