Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Aпытаньне: чым можна прывабіць у Беларусь замежных турыстаў?


Галіна Абакунчык, Менск Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Спадар: ) “Што можа прывабіць? Па-першае, прырода, шчырасьць людзей – нас, беларусаў. Калі будзе дастаткова месцаў для адпачынку, – гэта можа прывабіць”.

(Спадарыня: ) “Больш за ўсё, я думаю, замежнікам спадабаецца, што Менск адзін з найчысьцейшых гарадоў сьвету. Я магу гэта дакладна сказаць. І я вельмі ганаруся, што Менск вельмі зялёны, чысты й прыгожы горад”.

(Спадар: ) “Я служыў на Браслаўскіх азёрах і ведаю, што гэтае месца цудоўнае для адпачынку. Нарач таксама цудоўнае месца для адпачынку”.

(Карэспандэнтка: ) “Чым можна прывабіць у Беларусь замежных турыстаў?”

(Спадар: ) “Прырода тут вельмі багатая, шмат рознай жыўнасьці. Я думаю, што ў гэтым вялікі рэсурс. Акрамя таго, тут шмат месцаў, дзе можна паставіць дамы адпачынку, каб увечары выйсьці й захапляцца прыгажосьцю”.

(Юнак: ) “Трэба рэканструяваць аб’екты, якія ў нас ужо ёсьць, і ствараць адпаведную інфраструктуру. Да прыкладу, тыя замкі, што ў нас ёсьць. Бо цяпер тут няма чаго глядзець”.

(Спадар: ) “Беларусь – краіна зь вельмі цікавай архітэктурнай базай. Тут перамяжоўваецца савецкі стыль архітэктуры, прыбалтыйскі й эўрапейскі. Як, да прыкладу, у гістарычнай частцы Менску. Вось гэта й ёсьць адной з прычынаў, паводле якой турыстычная галіна ў Беларусі можа разьвівацца досыць эфэктыўна”.

(Карэспандэнтка: ) “Чым Беларусь можа быць цікавай для замежных турыстаў?”

(Спадар: ) “Экстрэмальнасьцю. Можа быць, замежных турыстаў нудзіць шыкоўны сэрвіс… А тут яны маюць магчымасьць апынуцца ў зусім іншых абставінах”.

(Юначка: ) “Найбольш Беларусь будзе цікавая гістарычнымі помнікамі, бібліятэкай, нашай прыродай”.

(Юнак: ) “Можа зацікавіць адпачынкам у экалягічна чыстых раёнах, а таксама этнічнай самабытнасьцю беларусаў”.

(Юнак: ) “Я лічу, што ўжо цяпер Беларусь цікавая для замежных турыстаў палітычнай сытуацыяй, якая склалася ў краіне. Калі я быў за мяжой, дык часта сустракаў людзей, якім было цікава паглядзець на нас – як мы выглядаем, як мы тут жывём”.
XS
SM
MD
LG