Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым Беларусь можа завабіць замежных турыстаў?


Ігар Карней, Менск Міністэрства спорту й турызму папярэдзіла: калі да 20 жніўня турфірмы не пададуць справаздачаў пра завабленых у Беларусь замежных турыстаў, іхныя ліцэнзіі будуць ануляваны. Год таму пастановай ураду была акрэсьлена новая ўмова атрыманьня ліцэнзіі на турапэратарскую дзейнасьць – абавязковасьць арганізацыі ўязнога турызму. Тады перарэгістрацыі не прайшлі блізу двух соцень фірмаў. Цяпер з турыстычнага рынку могуць зьнікнуць дзясяткі іншых кампаній.

Пасьля мінулагодняй рэвізіі турыстычнай сфэры з 700 зарэгістраваных турапэратараў засталося паўтысячы. Цяпер можа й гэтая колькасьць паменшаць. Паводле ўпраўленьня турызму галіновага міністэрства, за паўтара тыдні да азначанай даты больш за сто суб’ектаў гаспадараньня запатрабаваных ад іх дадзеных не падалі.

Прадстаўнікі турфірмаў тым часам канстатуюць: патрабуючы справаздачнасьці, улады мала спрыяюць разьвіцьцю турыстычнай інфраструктуры. Маршруты замежных турыстаў у Беларусі, як і раней, пралягаюць уздоўж кавалка аўтатрасы Брэст–Масква: Белавеская пушча, Мірскі замак, ваколіцы Менску і ўласна сталіца.

(Прадстаўніца турфірмы: ) “Шмат месцаў, якія можна паказаць замежнікам. Перадусім, Мір, Нясьвіж, Брэсцкую крэпасьць, Хатынь…”

З агульнай статыстыкі вынікае: замежнікі, якія трапляюць у Беларусь, на 90% – транзытныя турысты, што кіруюцца ў Расею. Цягам ранейшых гадоў Беларусь прымала каля 70 тысяч іншаземцаў штогод. Афіцыйныя асобы кажуць, што адпаведныя захады дадалі станоўчай дынамікі ў гэтым працэсе: за 2005 год у краіну прыехала 90 800 замежнікаў. Праўда, суседнюю Літву штогод наведвае 3 мільёны чалавек, Латвію – 3,5 мільёны. І ў адной толькі Празе кожны год спыняецца 8 мільёнаў замежных турыстаў.

Між тым, у Беларусі шмат адметных гістарычных мясьцін. Але многія зь іх – у занядбаным стане. Прыкладам, у Залесьсі пад Смаргоньню колькі гадоў чакае аднаўленьня сядзіба кампазытара й палітычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага. Навуковы супрацоўнік будучага музэю Сяргей Верамейчык гаворыць: нягледзячы на абяцаны ўжо сёлета пачатак рэстаўрацыі, турыстычная пэрспэктыва Залесься няпэўная.

(Верамейчык: ) “Зразумела, што далей працаваць павінны адмыслоўцы. Тыя ж палякі колісь абяцалі ўсё тут зрабіць за год. Яны – прафэсіяналы, яны працуюць ў Эгіпце, Палестыне й г.д. Бо цяпер нават сталярка ў рыштаваньнях міжсобку амаль не стыкаецца – усё рассыхаецца й развальваецца. Таму ў нашым выпадку бракуе элемэнтарнага – простага досьведу. Я ведаю, што ў той жа Літве на рэстаўрацыі працуюць палякі. Дый у Польшчы заняты на такіх аб’ектах ня толькі мясцовыя спэцыялісты, але запрашаюцца й замежныя”.

У той жа час, актыўна інвэстуецца ў іншую сфэру: адным з галоўных гістарычных аб''ектаў паступова робіцца комплекс “Лінія Сталіна” пад Заслаўем. Сюды вязуць розных афіцыйных асобаў, вэтэранаў, школьнікаў. Апошні высокі наведнік мэмарыялу – прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс.

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі расказвае: на паперы існуе нямала ідэй пераўтварэньня беларускай сталіцы ў турыстычны цэнтар. Аднак праекты часта й застаюцца толькі на паперы. Адзін зь іх – пераабсталяваньне сьледчага ізалятару на вуліцы Валадарскага ў культурна-забаўляльны цэнтар, і перабудова самой вуліцы ў пешую зону. Адсутнасьць уласнага “арбату” – істотная хіба для турызму.

(Харэўскі: ) “Калі на сёньня быў бы сэнс гэта ўсё рабіць, то варта, безумоўна, падняць тыя праекты 1970 гадоў, распрацаваныя такімі вядомымі архітэктарамі, як Левін, Градаў, ды іншымі. Бо насамрэч ідэя пераўтварэньня ўчастку вуліцы Валадарскага ў пешую зону (балазе, там няма загрузкі транспарту) і рэгенэрацыя навакольля гэтага славутага астрогу, збудаванага яшчэ ў 20-я гады ХІХ стагодзьдзя, мае сэнс”.
XS
SM
MD
LG