Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя грамадзяне Беларусі асуджаныя ў ЗША за дзіцячую парнаграфію


Радыё Свабода Два былых беларускіх грамадзяніна, Ягор Залатароў і Аляксандар Бойка, асуджаныя ў ЗША на 25 гадоў зьняволеньня кожны за распаўсюд дзіцячай парнаграфіі. Пра гэта паведамляе газэта "Wall Street Journal".

Пра ўдзел беларускіх грамадзянаў у распаўсюдзе парнаграфіі паведамляла летась і нашае радыё. Праз створаную Залатаровым і Бойкам кампанію "Regpay" праходзілі плацяжы па больш чым 50 сайтам дзіцячай парнаграфіі. Акрамя таго, яны валодалі пяцьцю ўласнымі порнасайтамі. Паводле зьвестак абвінавачваньня, праз "Regpay" было атрымана ад двух з паловай да 7 мільёнаў даляраў безнаяўных плацяжоў карыстальнікаў сайтаў забароненага зьместу.

Паводле ацэнак экспэртаў, існуюць тысячы платных сайтаў дзіцячай парнаграфіі, гадавы абарот гэтай крымінальнай індустрыі складае мільярды даляраў.

Залатарову і Бойку было прад’яўленае абвінавачваньне летась у лютым, акрамя зьняволеньня на чвэрць стагодзьдзя суд штату Нью-Джэрсі прысудзіў іх да выплаты штрафаў па 25 тысячаў даляраў кожнага. Па справе праходзіў таксама Аляксей Бучнеў, які працаваў на сайтах дзіцячай парнаграфіі перакладчыкам. Ён атрымаў значна больш мяккі прысуд – у траўні сёлета той жа суд у Нью-Джэрсі прыгаварыў яго да трох гадоў турмы.

Дасьледваньне справы кампаніі "Regpay" паказала, што яе кліентамі, якія плацілі за прагляд сайтаў, былі 90 тысячаў чалавек па ўсім сьвеце, палова – са Злучаных Штатаў. У межах справы ў розных краінах былі арыштаваныя 14 900 чалавек, зь іх 330 – у ЗША.
XS
SM
MD
LG