Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мілінкевіч сказаў, што ў нас у Беларусі цяпер крызыс улады і хутка будзе крызыс эканамічны... Чаму ён так у гэтым упэўнены? Я гэта чую ўжо гадоў 10 ад апазыцыі..."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за сераду, 9 жніўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Маці палітзьняволенага Зьміцера Касьпяровіча: ) “Мой сын быў арыштаваны за зьняцьце сьцяга з гарвыканкама і адседзеў 3,5 месяцы на Валадарцы і 5 дзён у Жодзіна. Мы зьвярнуліся за дапамогай у камітэт дапамогі рэпрэсаваным, каб аказалі нам дапамогу ў паступленьні ў гэтым годзе ў асьпірантуру. І сёньня мы атрымалі паведамленьне з польскай амбасады, што ён не прайшоў па конкурсу, хоць мой сын атрымаў вельмі добры дыплём: амаль усе “пяцёркі,” а таксама адказаў усё, што трэба. Вось такая дапамога палітзьняволеным. Мне проста цікава, хто тыя восем чалавек, якія прайшлі. Гэта ж ня проста так, што чалавек не прайшоў… Гэта значыць, што камітэт дрэнна спрацаваў, трэба было канкрэтна ўказаць, што вось гэта наш палітзьняволены. Я як маці вельмі абураная гэтым, і гэта такі ўдар у жывот, што атрымалася горш за Лукашэнку. Лукашэнка яго пратрымаў у камэры столькі часу, столькі ён здароўя згубіў. А сёньня вось гэтае паведамленьне з пасольства, ад камітэту, які дэкляруе дапамогу, а таксама ад Польшчы, якая дэкляруе дапамогу… Хто туды прайшоў?! Хто?! Няхай канкрэтна скажуць! І гэта ўдар пад дых яшчэ горш, чым там”.

(Спадар: ) “Я наконт умяшаньня дзяржавы ў прыватнае жыцьцё грамадзян. Магчыма, такія прыклады ўмяшаньня ёсьць. Можа, з аднаго боку, гэта слушна, калі чалавек ня плаціць за кватэру доўгі час, за электраэнэргію, за тэлефон і гэтак далей… Але, мабыць, ёсьць і нейкія іншыя. Дык вось тыя людзі, якія выступаюць… Іх паслухаць, дык вушы вянуць… Нейкі там упарты нагаварыў-нагаварыў… Ты ж прыклад прывядзі. У цябе ж не пытаюць ні прозьвішча, ні імя, ні дзе ты жывеш. Скажы канкрэтна, што вось так і так… А то зьбіраеце плёткі… Калі чалавек канкрэтна кажа, дык і пусьціце ў эфір. Чаму вы свой аўтарытэт зьніжаеце зусім да мінусовага ўзроўню? Ці яшчэ выступае ў вас нейкі чалавек, што ўсё расказвае, хто прыбліжаў дэмакратыю. Панавыдумляюць нейкіх прозьвішчаў, успомняць, што 200-300 год таму было… Ніхто іх і ня ведае нават… І не зразумела: то яны Вітаўты, то яны літоўцы, то яны ўкраінцы, беларусы… Нічога не зразумела…”

“Я зь вялікім жалем і зь вялікай трывогай сачу, як забіваюць дзяцей, жанчын і старых у Лібане. І ніякія там словы пра тое, што нехта вінаваты… Нічога такога. Хто пачаў агрэсію? Ну, сьцягнулі двух ці трох вайскоўцаў… Дамаўляйцеся. Дык гэта ж трэба было! Гэта ж зусім іншая палітыка там! Трэба было адкрыць агонь, бамбіць і гэтак далей…І цяпер, канечне, яны адказваюць. І жаляцца. Гэта як у той прыказцы: “Б’юць і плакаць не даюць”. Гэта ж сьмешна. І лісты вы чытаеце такія сьлёзныя. Нейкі габрэй там напісаў. Трэба было раней думаць. А амэрыканцы, якія распачалі гэта ўсё, крывадушнічаюць. Нешта там выступаюць, уносяць нейкія прапановы. А гэта ўжо ніяк ня дзейнічае. Гэта дастаткова амэрыканцам сказаць Ізраілю: “Хлопцы, спыніцеся, адыдзіце”, – і ўсё ўрэгулюецца. І ня трэба нічога прыдумваць. І, дарэчы, я ўсё-ткі часам слухаю… Нейкі чалавек выступіў і сказаў, што дзяржава ўмешваецца, бо не дазваляе купляць замежнае. Божа мой, ідзі на вуліцу Танка, ёсьць там салёны: туфлі любыя па 150-180 тысяч пара. Ідзі, мой дарагі, на здароўе купляй. Што тут зарабіць не даюць, гэта пытаньне. Як можна? Я колькі хачу, столькі і зарабляю. Сумленна толькі трэба”.

(Спадар: ) “Тэлевізію я гляджу мала, не прынцыпова, а проста часу на гэта недастаткова. З вашых паведамленьняў ці я нешта не зразумеў, ці вы. Гэта што, беларуская тэлевізія пачала клапаціцца пра лёс тых, каго яшчэ надоечы называла “кучкай наркаманаў, алькаголікаў, адмарозкаў” і гэтак далей? Усяго добрага”.

(Васіль Цюхай зь Беразіна: ) “Добры дзень! Нядаўна я спрабаваў зьвярнуць увагу грамадзкасьці на Біблейскія прароцтвы для таго, каб апазыцыя і бізнэсоўцы зразумелі, што палітычная дзейнасьць супраць Лукашэнкі ня мае сэнсу. Бог яго паставіў, Бог яго і прыбярэ. І ніякія намаганьні не наблізяць гэты час. Пасьля распаду Савецкага саюзу Беларусьсю кіравалі трое палітыкаў: Шушкевіч, Грыб, Кебіч. Яны былі перад Лукашэнкам. “Я глядзеў на гэтыя рогі, і вось выйшаў паміж імі яшчэ невялікі рог. І тры папярэднія з коранем історгнутыя былі перад ім. Вось у гэтым рогу былі вочы. Як вочы чалавечыя і вусны, якія гавораць высакамерна”. (Дан, 7, 8)

У Савецкім саюзе былі 10 генэральных сакратароў. Першы Ленін, потым Сталін і гэтак далей. Апошні Гарбачоў. “А дзесяць рагоў азначаюць, што з гэтага ўладарства паўстануць дзесяць цароў, а пасьля іх паўстане іншы, адрозны ад папярэдніх. І прынізіць трох цароў”. (Дан, 7, 24) Лукашэнка гандлюе зброяй і супрацоўнічае з дыктатарскімі краінамі. Прададзеная Лукашэнкам зброя выкарыстоўваецца “Хізбулой” супраць Ізраілю. “Ад аднаго зь іх выйшаў невялікі рог, які надзвычайна разросься на поўдзень і на ўсход…” (Дан, 8, 9) Лукашэнку падтрымлівае Расея. “І ўмацуецца сіла ягоная, хаця і не ягонай сілай”. (Дан, 8, 24) На першых выбарах у Беларусі было 6 кандыдатаў. 5 прайгралі, адзін кіруе цяпер. “І сем цароў, з якіх пяць палі, адзін ёсьць, а другі яшчэ не прыйшоў. І калі прыйдзе, нядоўга яму быць”. (Адкр, 17, 10) На апошніх выбарах было 8 прэтэндэнтаў, два зь якіх” самі зьняліся, яшчэ двух не зарэгістравалі. “Я палічыў малыя пёры ягоныя. Іх было восем”. (Ездр, 11, 11) “А што ты бачыў восем малых падкрыльных пёраў, злучаных з крыламі. Гэта азначае, што паўстануць ва ўладарстве восем цароў, якія часы будуць лёгкія і гады скарацечныя. І два зь іх загінуць. Яшчэ два загінуць, калі будзе набліжацца сярэдні час. Чатыры захаваюцца да таго часу, калі будзе канец ягоны. А два захаваюцца да канца”. (3 Кніга Ездр, 12, 21) Калі дадаць да 10 кіраўнікоў Савецкага саюзу Ельцына і Пуціна, то атрымаецца 12. Але ў Кнізе Данііла апавядаецца пра 10 цароў. “Арол, якога ты бачыў, узыходзячы над морам, ёсьць уладарства, паказанае ў зьяўленьні Даніілу, брату твайму. Але яму не было растлумачана тое, што я растлумачу табе. Вось надыходзяць дні, калі паўстане на зямлі ўладарства больш страшнае, чым усе ўладарствы, якія былі перад ім. У ім будуць уладарыць адзін пасьля другога дванаццаць цароў. Другі зь іх пачне ўладарыць і утрымае ўладу больш працяглы час, чым іншыя дванаццаць”. (3 Кніга Ездр., 12, 15).

Горад Масква – гэта духоўны Бабілён. Савецкія кіраўнікі зьнішчылі тое невялікае дабро, што было ў ім. “Жанчына, якую ты бачыў, ёсьць вялікі горад, які валадарыць над зямнымі царамі. А дзесяць рагоў, якія ты бачыў на зьверу, гэтыя ўзьненавідзяць блудніцу, і разрабуюць яе, і аголяць, і плоць яе зьядуць, і спаляць яе ў агні”. (Адкр, 18) На мой погляд, усё гэта вельмі цікава. Я мог бы растлумачыць Біблію больш падрабязна, у тым ліку, распавесьці пра будучыню, калі слухачы “Свабоды” таксама зацікавяцца. Прапаную наладзіць тэалягічную дыскусію”.

(Спадар: ) “Наконт таго, ці ўмешваецца дзяржава ў асабістае жыцьцё грамадзян. Безумоўна, умешваецца, пачынаючы з матэрыяльнага, і ўключаючы духоўнае. З матэрыяльнага. Не дае магчымасьці зарабіць грошы. ствараючы ўмовы з дапамогай заканадаўства немагчымасьці заробку, заахвочваючы толькі кар’ерыстаў ды прыхільнікаў рэжыму. У іх заробкі штучна высокія, яшчэ й ільготы: гэта жыльлё, адпачынак, санаторыі, бальніцы і гэтак далей. Манаполія на цэны прадуктаў харчаваньня першай неабходнасьці. Духоўнае. Гэта навучаньне, прымушаючы вывучаць тое, што зусім не патрэбна ў далейшым жыцьці, абмежаваньне доступу да інфармацыі, нядопуск іншадумцаў на тэлевізію, радыё, друкаваныя выданьні і заглушэньне Радыё Свабоды, выхаваньне зомбі. І ўсё гэта за народныя сродкі. Падаткі і гэтак далей. Вось і рабіце высновы”.

(Спадар: ) “Вось па вашай радыёстанцыі выступаў Мілінкевіч і сказаў, што ў нас у Беларусі цяпер крызыс улады, і хутка будзе крызыс эканамічны. Дык вось ці не маглі б вы падрабязьней раскрыць, што гэта за крызыс улады цяпер, і чаму будзе крызыс эканамічны. Чаму ён так у гэтым упэўнены? Я гэта чую ўжо гадоў 10 ад апазыцыі, але ніхто зь іх ня можа ўсё гэта абгрунтаваць. Ці гэта з сэрыі галаслоўнасьці Мілінкевіча, як то “Мы перамаглі. Міліцыя з намі. Вы свабодныя”, і гэтак далей, вы ведаеце… І яшчэ адно пытаньне да вашай радыёстанцыі. Вы неяк перадавалі, што Лукашэнка пабудаваў браняпоезд. І вось я ўсё чакаў, куды ён паедзе на ім, але ўсё ціха. Раскажыце, што гэта за браняпоезд, што ён сабой уяўляе, якая на ім знаходзіцца зброя і дзе ён цяпер знаходзіцца. Мне здаецца, гэта чарговая хлусьня. Вы прыдумваеце нейкую праблему, а потым абмяркоўваеце яе зь людзьмі на вуліцах, накшталт: “Лукашэнка пабудаваў сабе самалёт з золата”, а потым абмяркоўваеце гэта цягам тыдняў. Дык вось гэта як бы мая крытыка. Растлумачце мне, калі ласка, не саромейцеся. Усяго добрага”.

(Сыч Браніслава: ) “Я ўчора хацела да вас датэлефанавацца, але не датэлефанавалася. Ня ведаю, чаму не падымалі слухаўку. Я хацела Янку Запрудніку задаць пытаньне. Ён быў з маім бацькам Сычом Пётрам, яны былі разам усюды. Я ведаю, што яны прайшлі кругі пекла. І я ведаю, што бацька ажаніўся яшчэ раз. А я яго дачка. Я хацела даведацца, ці ёсьць у мяне на сьвеце брат ці сястра. Можа, мы б спаткаліся. Вось такое я хацела задаць пытаньне Янку Запрудніку”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я ўчора да вас тэлефанавала, але не магла датэлефанавацца некалькі разоў. Я хачу сказаць, што я ў вас нічога ня буду прасіць і патрабаваць, вы столькі шмат мне далі. Я буду рада сказаць вам “Дзякую”. Я хачу вас пачаставаць нашым “Лідзскім півам”. Я цяпер яго ня п’ю, але людзі ўсе нашыя і іншыя хваляцца, што вельмі смачнае. Я хачу вас папрасіць: прыедзьце да мяне. Да ўсё я хачу вас пачаставаць, шаноўная мая “Свабода.” Я вас так паважаю і цаню. Дзякую вам за ўвагу”.
XS
SM
MD
LG