Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія вернікі ўшаноўваюць памяць пакутнікаў-марыянаў


Радыё Свабода Беларускія духовыя хваласьпевы гучаць зараз на дарозе з Полацку ў Дрысу. У мястэчка Росіца, што на Дрысеншчыне, ідзе шматлюдная пілігрымка. Яна выправілася ўчора ад полацкага касьцёлу Сьвятога Андрэя Баболі да месца пакутніцкай сьмерці беларускіх сьвятых – ксяндзоў-марыянаў Антонія Ляшчэвіча ды Юрыя Кашыры. Сёньня ж у Росіцу выпраўляецца пілігрымка з Друі – цэнтра беларускіх марыянаў.

Росіцкая трагедыя надарылася ў лютым 1943 году. Тады карнікі Латыскага легіёну жыўцом спалілі ў адрыне некалькі сотняў мясцовых жыхароў. Ксяндзы Антоні Ляшчэвіч ды Юры Кашыра маглі застацца жывымі, але пайшлі разам зь людзьмі ў агонь. У 1999 годзе Папа Рымскі Ян Павал ІІ далучыў іх да ліку сьвятых.

Гаворыць адзін з арганізатараў пілігрымкі ксёндз Вячаслаў Пяленак:

(кс.Пяленак: ) “Шостым разам мы выйшлі сёньня ў пілігрымку да росіцкіх пакутнікаў. Для нас гэта вельмі важна, бо гэта ня толькі памяць пра жахі вайны, але й прыклад – як трэба змагацца зь любой навалай, як змагацца з пагрозамі, якія стаяць на шляху, і як у надзвычай складаных абставінах застацца чалавекам, ня здрадзіўшы высокім ідэалам, якія для нас, вернікаў, важнейшыя нават за жыцьцё”.

У пілігрымцы бяруць удзел 70 вернікаў. У асноўным, гэта моладзь з Полаччыны, а таксама з Оршы, Глыбокага, Барысаву ды іншых гарадоў. Гаворыць адна з удзельніц пілігрымкі навапалачанка Ірына Бельская:

(Бельская: ) “Ёсьць такое меркаваньне, што гэта пілігрымка зь нейкімі жалобнымі песьнямі, што гэта нешта змрочнае. Не! Насамрэч, тут адчуваеш, што ўвесь сьвет, які вакол нас, гэта сапраўднае стварэньне Боскае, і гэта цудоўна! Мы ідзем, захапляемся прыродай, мы ідзем і глядзім на неба, мы думаем пра жыцьцё, а гэта ўжо ёсьць малітва”.

11 жніўня ў Росіцы пачнуцца ўрачыстасьці ў памяць ксяндзоў-марыянаў ды іншых ахвяраў трагедыі. На яе прыедуць духовыя дастойнікі зь Беларусі ды госьці з шэрагу эўрапейскіх краінаў. Чакаецца, у прыватнасьці, прыезд генэрала ордэну марыянаў Яна Рокаша з Рыму.

Завершыцца ўрачыстасьць 12 жніўня імшой у росіцкім касьцёле Сьвятой Тройцы, якую адправіць біскуп Менска-Магілеўскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка.

Адначасова адбудуцца і культурніцкія мерапрыемствы. Так, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін прэзэнтуе свой новы паэтычны зборнік “Рымскі дыптых”, а бард Алесь Камоцкі прапануе слухачам свае новыя песьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG