Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрыхтаваны дакумэнт пра выкладаньне гісторыі Беларусі па-расейску


Севярын Квяткоўскі, Менск. Міністэрства адукацыі падрыхтавала рашэньне пра перавод выкладаньня на дзьвюхмоўны варыянт. Ад пачатку 1990-х незалежна ад мовы навучаньня школы прадмет “Гісторыя Беларусі “ выкладаўся толькі па-беларуску. Ад каго сыходзіць ініцыятыва Мінадукацыі? Чым аргумэнтуецца чарговая ініцыятыва зьмяншэньня долі беларускай мовы ў школьным навучаньні?

Пазнаёміцца з праектам дакумэнту можна ў “Настаўніцкай газэце”, але атрымаць камэнтар ад непасрэднага выканаўцы распрацоўкі можна будзе бліжэй да верасьня. Адказная за дакумэнт чыноўніца міністэрства Надзея Ганошчанка пайшла ў адпачынак. Тым ня менш ейная падначаленая Алена Карповіч падзялілася сваімі ведамі пра распрацоўку:

(Карповіч: ) “Я ня ведаю, адкуль ідзе ініцыятыва. Яна (Надзея Ганошчанка) не змагла мне гэтага пракамэнтаваць. Як я разумею з размовы зь ёю, загаду яшчэ няма, яна будзе выходзіць на працу ў часе адпачынку, але сказаць адназначна, калі яна будзе, я не магу”.

Тым часам у школах мала хто ведае пра пляны па пераводу часткі выкладаньня гісторыі Беларусі на расейскую мову. Напрыклад, дырэктарка менскай гімназіі нумар 23 Ніна Нікіціна папросту не паверыла такой інфармацыі:

(Нікіціна:) “Абсурд роду чалавечага! Гутарка вядзецца пра тое, што гэта і далей будзе пашырацца, бо гісторыю сваёй дзяржавы трэба вучыць на сваёй мове”.

Але спэцыяліст Міністэрства адукацыі Алена Карповіч перакананая:

(Карповіч: ) “Мяркую, што да 1 верасьня загад мусіць быць, і выкладаньне гісторыі Беларусі мусіць быць на дзьвюх мовах. І падручнікі мусяць выйсьці з выдавецтваў”.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў ўжо заявіў у мэдыях, што як толькі атрымае дакумэнт на рукі, ТБМ распачне захады пратэсту. А старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка даў такі камэнтар:

(Лозка: ) “З аднаго боку, сытуацыя, безумоўна, дзіўная, хоць і не такая дзіўная, бо мы прызвычаіліся да такой нестабільнасьці – у нас вельмі нестабільная сытуацыя ў адукацыі. І можна зрабіць выснову – ці будзе яна стабільная ва ўсёй краіне?”.

Тым часам супрацоўнікі Мінадукацыі спасылаюцца на беларускае заканадаўства, дзе зацьверджанае афіцыйнае дзьвюхмоўе.
XS
SM
MD
LG