Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танцпляцоўка


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

У кожным горадзе і нават мястэчку мелася свая танцпляцоўка. Як правіла, гэта быў аточаны мэталёвай сеткай майдан зь невялічкай, фарбаванай зялёнай альбо сіняй фарбай эстрадай. Наўзбоч эстрады было дзьве будкі. Адна была для “радыста”, а другая для музыкаў, дзе яны пераапраналіся, пілі гарэлку і дзе ставілі на ноч ўдарную ўстаноўку. Добрай лічылася танцпляцоўка з драўлянай падлогай.

Да самага канца 60-х на танцах ганялі кружэлкі. Самай папулярнай была “саракапятка” з запісам сьпевака Мануэля. Ён выконваў песьню пад назваю “Tonight” (“Уначы”). Пры першых яе акордах на сярэдзіну майдану выбягалі маладзёны, хорам гукалі: “На-чи-най!” – і Мануэль у рыфму пачынаў: “Тэнай, тэнай”. Пераломным у гісторыі танцпляцовак стаў 1969 год. Тады ў многіх гарадах утварыліся біт-гурты, якія сталі граць на танцах. Пры гэтым рэпэртуар, які яны выконвалі, мусіў узгадняцца ў аддзелах культуры гарвыканкамаў.

Квіток на танцы за часамі маёй маладосьці каштаваў 30 капеек. Аднак знаходзіліся адчаюгі, якія спрабавалі прайсьці без квітка. Дзеля гэтага яны пераскоквалі праз мэталёвую сетку. Сетка была высокая, дзесьці пад два мэтры. Таму станавіліся каму-небудзь на плечы, падцягваліся і з грукатам абрыналіся на дашчатую падлогу. Адразу трэба было зьмяшацца з натоўпам. Ды гэта рэдка каму ўдавалася. Адчаюгу звычайна бралі пад пахі дружыньнікі і выводзілі вонкі. Некаторых потым дастаўлялі ў міліцэйскі пастарунак.

Выводзілі з танцпляцоўкі і тых, хто спрабаваў прадэманстраваць элемэнты брэйк-дансу. Уласна, элемэнт быў адзін: так прагнуцца назад, каб патыліцай крануцца падлогі. Апроч таго выводзілі мальцаў, якія рассыпалі па майдану молаты перац. Гэта быў стары “танцпляцовачны” жарт: перац лётаў у паветры і ў танцорак потым сьвярбела потная прамежнасьць. Доўгі час на танцы не пускалі ў джынсах. Лічылася, што гэта рабочая вопратка.

Танцпляцоўка была месцам, дзе вулічныя “каралі” высьвятлялі адносіны. Біліся, праўда, не на самім майдане, а дзе-небудзь за бліжэйшымі кустамі. У невялічкім горадзе, калі на танцах зьяўляўся хтосьці незнаёмы, у яго, вобразна кажучы, маглі папрасіць запаліць. Добра яшчэ, калі незнаёмец тоўкся ў агульным натоўпе. А калі ён быў у мадняцкіх апранахах ды запрашаў на танец самых лепшых дзевак, размовы за бліжэйшымі кустамі яму было не абмінуць.

У Наваполацку, на тым месцы, дзе віравалі ўсё гэтыя жарсьці, пабудавалі школу. І кабеты маіх гадоў, шпацыруючы з унукамі, з сумам выдыхаюць: “А тут калісьці была танцпляцоўка”.
XS
SM
MD
LG