Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 8 жніўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Прывітаньне, з вамі Севярын Квяткоўскі й “Начная аБЛОГа”!

На сайце “TOL блогі Беларусі” абмяркоўваюць канфлікт між дзяржаўным прадпрыемствам “Белтэлеком” і беларускімі інтэрнэт-правайдэрамі. Беларускія карыстальнікі ADSL і камэрцыйныя правайдэры напісалі лісты пратэсту супраць павышэньня “Белтэлекамам” коштаў на дадатковыя паслугі, празь якія падключэньні да ўсіх іншых апэратараў робяцца значна даражэйшымі. Да прыкладу, кошт штомесяцавай платы за абслугоўваньне лініі павышаны з 15 000 р. да 18 870 р. Блогер пад нікам Фальксваген піша:

“Ня трэба быць Эйнштэйнам, каб заўважыць сувязь: “Белтэлекам” вырашыў змагацца за рынак самым простым чынам, карыстаючыся з манапольнага становішча. У выніку карыстальнікі будуць плаціць болей за падключэньні да іншых правайдэраў… І гэта ў той час, як ува ўсім сьвеце тарыфы на доступ да Internet толькі паніжаюцца”.

А сярод блогераў і ўдзельнікаў форумаў існуе ідэя выданьня папяровага зборніка сатырычных прыпевак, якія публікуюцца на партале форумаў “Дэльта” http://forum.delta.by

Тут ёсьць вершыкі, напрыклад, пра выбары:

“мілінкевіч, мілінкевіч, где ж ты раньше, саша, быў? презідент наш лукашенка всю работу парабіў!”

“все участкі мы абъедзем на віласапеде і праверым есць лі людям крыжачок в буфеце”

Альбо пра беларускую касьмічную праграму:

“севодня ў этат празнічны дзень не так мне ўсё как абычна гаржусь са слезамі за беларусь сверхгасударства касьмічнае”

Праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко на рэлігійным сайце “Царква” http://churchby.info/bel выкрывае камэрсанта ад праваслаўя Ўладзімера Чартовіча. Сьвятар распавядае, як бізнэсовец на пачатку 1990-х заснаваў Закрытае акцыянэрнае таварыства “Праваслаўная ініцыятыва”, куды сярод заснавальнікаў пераканаў увайсьці Беларускі Экзархат РПЦ. Паводле Аляксандра Шрамка, Уладзімер Чартовіч ад продажу рэлігійнай літаратуры паступова перайшоў да гандлю антысэміцкай, ксэнафобскай і шавіністычнай друкаванай прадукцыяй. Экзархат ужо даўно выйшаў з заснавальнікаў фірмы, а крама Чартовіча па-ранейшаму мае назву “Праваслаўная кніга”. “Чым справа скончыцца, мы яшчэ пабачым, – піша сьвятар Аляксандар Шрамко. І доўжыць: Галоўную выснову можна зрабіць такую: не ганяўся б ты, поп, за эканамічнай мэтазгоднасьцю… Як вядома, патрапіць Богу й мамоне немагчыма”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі . Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG