Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Кучма пра цяперашнюю сытуацыю ва Ўкраіне


Радыё Свабода Як глядзіць на цяперашнюю ўкраінскую сытуацыю былы прэзыдэнт Леанід Кучма? У чым памылкі “аранжавай” улады? Якія пэрспэктывы ўраду Януковіча. Свае адказы на гэтыя пытаньні Леанід Кучма даў у інтэрвью Радыё Свабода.

(Карэспандэнт: ) “У чым цяпер палягае галоўная пагроза для Ўкраіны?”

(Кучма: ) “Пра галоўную пагрозу для эканомікі Ўкраіны сказаць можна – гэта чарговае падвышэньне цаны на газ. І яно насоўваецца на Ўкраіну тайфунам. Расея праз свайго пасла Чарнамырдзіна заявіла, што цана на газ будзе вызначацца толькі рынкам і ні ў якай ступені ня будзе залежаць ад парлямэнцкай кааліцыі Ўкраіны, ад фармату. Цана на газ ня будзе залежаць ад таго, хто старшыня ўраду. Вы выдатна разумееце, што 230 даляраў за тысячу кубамэтраў – гэта палітычная цана за зьмену палітычнага курсу Ўкраіны”.

(Карэспандэнт: ) “ На Ваш погляд, у чым былі памылкі прэзыдэнта Юшчанкі за час ягонага кіраваньня?”

(Кучма: ) “Першая памылка, і тут я не самотны ў сваіх ацэнках, што новая ўлада нічога не зрабіла для прымірэньня ўсходу і захаду краіны. Адрозьненьні паміж дзьвюма Ўкраінамі недапушчальна абвастрыліся пасьля выбараў 2004 году. І новай уладзе трэба было прыкласьці максымум намаганьняў, каб залагодзіць гэтыя супярэчнасьці, а яна зрабіла наадварот”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна наагул пераадолець раскол паміж захадам і ўсходам Украіны?”

(Кучма: ) “Трэба было дасягнуць больш-менш кансэнсусу палітычных сілаў наконт стратэгіі разьвіцьця краіны. У нашых суседзяў палякаў (мы любім спасылацца на Польшчу) – у іх няма супярэчнасьцяў у краіне наконт курсу ў Эўразьвяз, уступленьня ў НАТА – гэта падтрымлівалася і ўсімі палітычнымі сіламі, і грамадзтвам. Але калі ў нас ёсьць супярэчнасьці, іх ня трэба высоўваць. Жыцьцё само ўсё расставіць па сваіх месцах”.

(Карэспандэнт: ) “Як Вы лічыце, ці дапаможа кампраміс паміж Юшчанкам і Януковічам зблізіць усход і захад, два берагі Дняпра?”

(Кучма: ) “Ва ўсялякім выпадку гэтае рашэньне не аддаліць берагі Дняпра адзін ад аднаго. І на сёньняшні дзень гэта ўжо шмат. За адно гэта можна ўхваляць людзей, якія селі за стол і здолелі дамовіцца. А ці зблізяцца два берагі пасьля стварэньня шырокай кааліцыі ў парлямэнце – давайце пажывем, пабачым”.

(Карэспандэнт: ) “Шмат хто кажа, што Ўкраіна, нягледзячы на ўсе праблемы, застаецца па-сапраўднаму дэмакратычнай краінай. Ці згодны Вы з такой ацэнкай?”

(Кучма: ) “Зразумела, больш таго, я тут бачу, бяз сьціпласьці скажу, пэўную пераемнасьць, працяг тых падзеяў, якія адбываліся пры мне. Вы добра ведаеце, што апазыцыя мяне лаяла за няласкавае стаўленьне да яе, але яна была рэальнай, крытыка Кучмы не забаранялася. Відаць, ніколі не забуду лёзунг :”Кучму – прэч”. Але дзеля справядлівасьці варта сказаць, што гэта была асобая апазыцыя. Звольнілі чалавека за памылкі ці не спрацаваўся з калегамі – і ён ужо ў апазыцыі. Калі паглядзіш на палітыкаў, якія сёньня ва ўладзе, яны ўсе прайшлі школу ў тым ліку і пры Кучму”.

(Карэспандэнт: ) “Ці прадбачылі Вы ў 2004 годзе сёньняшняе разьвіцьцё падзеяў?”

(Кучма: ) “350 гадоў таму быў жахлівы пэрыяд, калі барацьба за ўладу ператварыла Ўкраіну ў суцэльную руіну. Гэты пэрыяд у гісторыі так і называецца – Руіна, зь вялікай літары. Так што таму, хто знаёмы з гісторыяй Украіны, ня трэба быць прарокам, каб прадбачыць галоўную бяду, якую мы мелі магчымасьць назіраць – жорсткая і разбуральная барацьба за ўладу, няздольнасьць дамовіцца”.
XS
SM
MD
LG