Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША пачынае дзейнасьць Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў


Ірына Віданава, Вашынгтон У жніўні 2006 г. у Злучаных Штатах Амэрыкі распачне сваю дзейнасьць Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў. Статутныя дакумэнты аб утварэньні такога Цэнтру былі падпісаныя 11 ліпеня 2006 г. віцэ-прэзыдэнтам Саўтвэстэрн-коледжу Эндры Шэпардам (г.Вінфілд, Канзас) і былым амбасадарам ЗША у Беларусі Дэйвідам Суорцам. Афіцыйная цырымонія адкрыцьця Цэнтру заплянаваная на лістапад бягучага году.

Стварэньне Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў – гэта супольная ініцыятыва Саўтвэстэрн-коледжу і Фундацыі Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту, якую дзесяць год таму заснаваў і прэзыдэнтам якой зьяўляецца выпускнік Саўтвэстэрн-коледжу Амбасадар Суорц. Мэтай Фундацыі была падтрымка ЭГУ, пакуль унівэрсытэт ня быў зачынены беларускімі ўладамі ў 2004 г. Зараз Фундацыя ЭГУ спыняе сваё існаваньне і перадае сваю маёмасьць новаўтворанаму Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў.

Як паведаміў радыё Свабода Амбасадар Суорц, асноўнай задачай Цэнтру будзе адраджэньне беларускай нацыі праз вышэйшую адукацыю. Плянуецца, што Цэнтар стане вядучым асяродкам беларускіх дасьледаваньняў у ЗША, дзе будуць зьбірацца дасьледчыкі, студэнты, прадстаўнікі беларускай дыяспары, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных і грамадзкіх арганізацыяў, унівэрсытэтаў, бібліятэкаў, урадаў і ўсе тыя, хто адданы справе пабудовы дэмакратычнай Беларусі. Цэнтар будзе падтрымліваць навуковыя дасьледаваньні і іншую дзейнасьць на карысьць Беларусі.

Цэнтар будзе запрашаць дасьледчыкаў і студэнтаў зь Беларусі і іншых краінаў наведаць Саўтвэстэрн коледж, дзе ў іх будзе магчымасьць весьці навуковыя дасьледаваньні, выступаць зь лекцыямі і сустракацца зь мясцовымі грамадзкімі арганізацыямі. Ужо ў гэтым месяцы Цэнтар прыме першага дасьледчыка зь Беларусі, які правядзе ў Саўтвэстэрн коледжы цэлы акадэмічны год. Беларускія студэнты атрымаюць магчымасьць праходзіць акадэмічныя стажыроўкі на базе коледжа. Цэнтар будзе садзейнічаць пашырэньню ведаў пра Беларусь праз публікацыю навуковых працаў у друкарні коледжа. Таксама плянуецца, што Цэнтар распрацуе і прапануе амэрыканскім студэнтам шэраг акадэмічных курсаў, прысьвечаных Беларусі.

Па словах Амбасадара Суорца, Цэнтар зацікаўлены ў супрацоўніцтве з арганізацыямі і асобамі зь Беларусі, а таксама беларусамі, якія жывуць за мяжой. Так, напрыклад, ужо адбылася сустрэча з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў ЗША, якія падтрымалі ідэю стварэньня Цэнтру. Вітаўт Кіпель у інтэрвію радыё Свабода адзначыў, што дыяспара, у прыватнасьці, дапаможа Цэнтру ў стварэньні беларускай бібліятэкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG