Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюзны пратэст у Магілеве


Радыё Свабода У Магілёве адбыўся мітынг супраць адмовы мясцовай улады рэгістраваць суполкі прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці. У акцыі пратэсту, якая праходзіла у далечыні ад людных месцаў – ля будынку гарадзкога цэнтру культуры і адпачынку Магілёўскага гарвыканкаму – удзельнічалі блізу 100 чалавек.

Падтрымаць магілёўскіх прафсаюзных актывістаў прыехалі іхныя калегі зь Менску, Берасьця ды Барысава. У акцыі пратэсту ўдзельнічаў Аляксандар Бухвостаў. У сваёй прамове ён зазначыў, што словы пратэсту, выказаныя на мітынгу, нарэшце будуць пачутыя магілёўскай уладай, і яна пачне рэгістраваць суполкі незалежных прафсаюзаў.

У прынятай рэзалюцыі мітынгоўцы запатрабавалі ад кіраўнікоў гарадзкой выканаўчай вэртыкалі спыненьня перасьледу сяброў незалежнага прафсаюзу, заклікалі распачаць канструктыўны дыялёг у справе наладжваньня супрацоўніцтва ў межах заканадаўства пра сацыяльнае партнэрства, а таксама неадкладна зарэгістраваць магілёўскую гарадзкую суполку прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці.

Дзеля правядзеньня акцыі пратэсту прафсаюзныя актывісты вымушаныя былі заключыць дамовы і аплаціць паслугі міліцыянтаў, мэдыкаў, гарадзкіх камунальных службаў, а таксама аплаціць арэнду зямлі, на якой адбылася мерапрыемства.
XS
SM
MD
LG