Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Разановіч заяўляе, што змушана спыніць сухую галадоўку


Радыё Свабода Сёньня ў берасьцейскі гарадзкі шпіталь была дастаўлена Любоў Разановіч, якая восьмыя суткі запар трымала сухую галадоўку. Дактары канстатуюць: стан здароўя жанчыны цяжкі. Л.Разановіч і іншыя ўдзельнікі галадоўкі пратэстуюць супраць трактоўкі Ўказу прэзыдэнта №140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай. Яны тлумачаць, што ўвезьлі машыны раней за 2004 год

Яшчэ ўраніцу брыгада лекараў станцыі хуткай дапамогі ў Берасьці наведала кватэру Любові Разановіч. Жанчына даводзіць, што шпіталізацыя была змушаная:

(Разановіч: ) “Памочнік губэрнатара выклікаў “хуткую”. Ужо ў 9 гадзін “прыпёрліся” па мяне. Кажу: “Я вас не выклікала...”. Яны мне ў адказ: “Ня ведаем! Нам дадзена каманда забраць вас у шпіталь!” Гэтым разам я ўжо не адмаўлялася катэгарычна ад дапамогі: так “тармозіць” галаву, так цяжка гаварыць...”

Любоў Разановіч паведаміла, што цяпер знаходзіцца ў тэрапэўтычным аддзяленьні Цэнтральнага гарадзкога шпіталю Берасьця. З прапановы лекараў адмовілася ад сухой галадоўкі.

(Разановіч: ) “Таму што адчуваю: мне канец. Адчуваецца па ўсім. Цяпер вось ляжу, а ў сьпіне нешта як дасьць! Напэўна, гэта ныркі...”

Кантралюе стан здароўя пацыенткі загадчык тэрапэўтычнага аддзяленьня Цэнтральнага гарадзкога шпіталю Берасьця Ўладзімер Сварцэвіч:

(Сварцэвіч: ) “У яе абязводжаньне арганізму. Гэта вынік працяглага галадаваньня. Ёсьць спэцыяльныя мэтодыкі аднаўленьня. Будзем выкарыстоўваць. Паводле паказьнікаў, зазвычай тэрмін аднаўленьня пасьля галадоўкі доўжыцца два тыдні. А, магчыма, і больш. Гэтыя пытаньні мы цяпер якраз і абмяркоўваем”.

Сёньня нашаму радыё таксама стала вядома, што прызначаная раней на 10 гадзін раніцы сустрэча намесьніка старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Міхаіла Юхімука з удзельнікамі галадоўкі ўладальнікаў маршрутных таксі й кіроўцаў не адбылася.

Акцыя пратэсту ў Берасьці пачалася 5 ліпеня. У ёй удзельнічае 15 чалавек. Гэта ўладальнікі маршрутных таксі, іхныя сваякі, кіроўцы й двое прадпрымальнікаў-гандляроў. Удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць трактоўкі Ўказу прэзыдэнта №140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай. Яны тлумачаць, што ўвезьлі машыны раней за 2004 год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG