Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паморак на Гомельскай бройлернай птушкафабрыцы


Радыё Свабода Больш за 70 тысяч курэй здохлі на Гомельскай бройлернай птушкафабрыцы, якая ўваходзіць у склад рэспубліканскага сельгаспрадпрыемсва “Беларуснафта-Асобіна”. Птушкафабрыка панесла шматмільённыя выдаткі.

Дырэктар птушкафабрыкі Валерый Попчанка надзвычай эмацыйна рэагуе на пытаньні адносна прычынаў курынага паморку.

(Попчанка: ) “Адбылося кармавое атручваньне – усяго толькі. Ніякага грыпу ў нас няма. Высьвятляюць жа ворганы. Ня трэба ляпаць, пакуль ворганы ня зробяць выснову”.

Тым ня менш, каб не прапусьціць небясьпечную інфэкцыю птушынага грыпу, тэрмінова былі зроблены адпаведныя дасьледаваньні. Найгоршыя апасеньні сапраўды ня спраўдзіліся.

(Спэцыяліст абласной вэтэрынарнай службы: ) “Птушынага грыпу там няма. Дыягназ на птушыны грып ня спраўдзіўся,” – паведаміў адзін са спэцыялістаў абласной вэтэрынарнай службы.

Папярэднія дасьледаваньні паказваюць, што прычынаю паморку хутчэй за ўсё быў няякасны камбікорм.

Гаворыць дырэктар рэгіянальнай вэтэрынарна-бактэрыялягічнай лябараторыі Уладзімер Рафаловіч.

(Рафаловіч: ) “Мы дасьледавалі дзесяць пробаў камбікорму, пяць зь іх былі слабатаксічнымі. Ад слабатаксічнага камбікорму птушкі звычайна паміраюць павольна, а там пайшло ўсё хутка. Магчыма, паўплывалі і слабатаксічныя кармы. Працягваем дасьледаваньні мы, Белдзяржвэтцэнтар рэспубліканскі, кармавая рэспубліканская лябараторыя, – сказаў Уладзімер Рафаловіч.

Камбікорм на птушкафабрыку паступае з Узоўскага камбінату хлебапрадуктаў, якія таксама ўваходзіць у склад сельгаспрадпрыемсва “Беларуснафта-Асобіна”.

Частку мёртвых курэй адвезьлі на мясцовы санвэтутыльзавод, каб вырабіць зь іх касьцявую муку. Але магутнасьці заводу не дазваляюць перапрацаваць дзесяткі тысяч штук здохлых курэй. Таму іх закопваюць на спэцыяльным могільніку птушкафабрыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG